Камунальныя службы Пухавіцкага раёна выканалі вялікі аб’ём работ

Горад Мар’іна Горка.

І пешшу, і на машыне… Мы ўжо можам ацаніць работу камунальнікаў, якую яны правялі ў бягучым годзе па добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый, дарог і тратуараў горада Мар’іна Горка і пасёлкаў.

— Работы па рамонце вулічна-дарожнай сеткі ў такім аб’ёме не праводзіліся намі даўно, хаця штогод мы выконвалі і рамонт, і замену участкаў найбольш праблемных  дарог, — расказвае намеснік дырэктара УП «Жылцепласэрвіс» КГ Ірына Зянько. — У гэтым годзе, дзякуючы падтрымцы старшыні райвыканкама Сяргея Ленкаўца і намесніка старшыні райвыканкама Андрэя Крэменя, былі выкананы работы па рамонце асфальтабетоннага пакрыцця  ў Мар’інай Горцы на вуліцах Ленінская, Усходняя,  Паслядовіча, Новая Зара (ад вуліцы Выратавальнікаў да СШ №3 і дома № 28), у завулку Карла Маркса.  На вуліцы Усходняя зроблены аўтобусныя  прыпынкі і з’езды.  Добраўпарадкавана, заасфальтавана дваровая тэрыторыя каля жылых дамоў № 34, 36, 44 па вуліцы Ленінская.

Пасёлак Свіслач.

У пасёлку Дружны мы правялі бягучы рамонт вуліцы Асенняя, Шаманоўскага (гаражы), Чэпіка (ад інтэрната ЦЭЦ-5 да Дома культуры).

У пасёлку Свіслач таксама вядуцца работы па добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый і ўладкаванні новых месцаў для паркоўкі машын каля дамоў і, галоўнае, у раёне школы, дзе раней аўтамабільнай стаянкі не было.

Аўтамабільная стаянка з мэтай забеспячэння большай бяспекі пешаходаў і для зручнасці вадзіцеляў была пабудавана і ў раёне дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці ў Новай Зары.

Да раённага свята-кірмашу «Дажынкі-2018» праведзены рамонт асфальтавага пакрыцця ў аграгарадку Голацк, дзе прайшло сельскагаспадарчае свята.

У пасёлку Праўдзінскі на мінулым тыдні была заасфальтавана дарожка, што прылягае да плошчы.

Напярэдадні выхадных дзён завяршаліся работы па ўладкаванні пешаходнай дарожкі па вуліцы Калініна.  Яна вядзе ад раённай бальніцы да вёскі Зарэчча.

Відавочна, што ў гэтым годзе праведзены сапраўды вялікі аб’ём работ.  Пра гэта скажуць і лічбы: ужо пакладзена больш за 50 тысяч квадратных метраў асфальтабетоннага пакрыцця, асвоена больш за 1 мільён рублёў.  І пакуль дазваляюць умовы надвор’я, работы будуць працягвацца. Выконваць іх камунальнікам дапамагалі і дапамагаюць работнікі спецыялізаванай арганізацыі — філіяла КУП «Мінскдарбуд» ДРБУ-169.

Алена  ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *