Іван Булін нязменна працуе ў ААТ “Суцінскі” 53 гады

На гэтым МАЗе працуе адзіны вадзіцель нашай гаспадаркі Іван Булін, — паказваючы на  аўтамабіль, гаворыць дырэктар ААТСуцінскіПётр Мохараў. — Адказны, старанны, добрасумленныПра Івана Аляксандравіча можна сказаць шмат добрых слоў. Ён адзін з ветэранаў гаспадаркі, на якога трэба раўняцца сёняшняй моладзі.  

Мы папрасілі вадзіцеля на некалькі хвілін спыніцца.  Іван Булін  глушыць матор і вылазіць з кабіны аўтамабіля. За рулём ён амаль усё жыццё. У яго працоўнай кніжцы толькі адзін запіс: у гаспадарцы Іван Аляксандравіч нязменна працуе ўжо амаль 53 гады.

— Пасля заканчэння школы  прыйшоў у гаспадарку. Я працягваю працоўную дынастыю: маці з бацькам таксама працавалі тут. Цяпер у “Суцінскім” працуе і мая жонка, — гаворыць Іван Булін. — На працягу гэтых гадоў мне неаднаразова прапаноўвалі змяніць работу, але я не згаджаўся. Не магу кінуць справу, якой прысвяціў усё жыццё.

Іван Аляксандравіч з настальгіяй успамінае час, калі і саўгас у Суціне быў міліянерам, і слава пра яго поспехі грымела на ўвесь Савецкі Саюз. Гаспадарка квітнела, займалася вырошчаннем розных культур. У тым ліку і агародніны. У саўгасе працавала каля сямісот чалавек. Большасць з іх былі мясцовыя людзі. Заробак тады быў высокі. Жадаючых уладкавацца на працу таксама было многа.

— Цяпер у гаспадаркі не самы просты час, але трэба дапамагаць. Летам выхадных у мяне няма. Але калі раптам патрэбны дзень на адпачынак, кіраўніцтва заўсёды ідзе насустрач, — працягвае субяседнік. — Мне хутка споўніцца 70 гадоў. Ужо даўно можна ісці на заслужаны адпачынак, але пакуль ёсць сілы, буду працаваць.

Аўтамабіль, якім кіруе вадзіцель з такім салідным стажам, таксама мае салідны ўзрост. МАЗу ўжо 14-ты год. Іван Булін уважліва сочыць за яго  тэхнічным станам, каб машына магла пераадолець не адну сотню кіламетраў.

Зразумела, што адзін вадзіцель фізічна не справіцца са шматлікімі гаспадарчымі работамі, таму на сезон палявых работ да Івана Буліна далучаюцца калегі з іншых гаспадак і арганізацый.

Кацярына  ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *