Інспекцыя Дзяржтэхнагляду Пухавіцкага раёна кантралюе пастаноўку тэхнікі на захоўванне
Завяршыліся асноўныя сельскагаспадарчыя работы. Надышоў час ставіць тэхніку на захоўванне. Да гэтага пытання інжынерным службам трэба падыходзіць сур’ёзна: усё, што не будзе зроблена своечасова і з захаваннем патрабаванняў Дзяржстандарту, нагадае аб сабе вясной.
— 98 працэнтаў сельскагаспадарчай тэхнікі ўжо вызвалена ад работ. У полі задзейнічаны толькі плугі і агрэгаты для ўнясення арганікі. Зернеўборачныя камбайны, кормаўборачная тэхніка, пасяўныя агрэгаты і іншая тэхніка да першага лістапада павінна быць пастаўлена на працяглае захоўванне, — гаворыць начальнік інспекцыі Дзяржтэхнагляду Пухавіцкага раёна Дзяніс Шырокі. — Пастаноўкай тэхнікі на захоўванне і навядзеннем парадку займаюцца ўсе гаспадаркі, але карціны на мехдварах розныя.
У ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс”, “Аграсімвал”, “Суцінскі”, сельгасфіліяле “Светлая ніва” работы па пастаноўцы тэхнікі на захоўванне вядуцца слаба. У гэтым жа спісе ЭБ “Зазер’е”. У гаспадарцы пяць збожжаўборачных камбайнаў. Толькі адзін з іх пачышчаны і памыты стаіць у ангары. Але на гэтым клопаты з магутнай сельгасмашынай не скончаны: трэба паставіць яе на металічныя падстаўкі.
— Да патрэбнага тэрміну мы справімся, — заверыў галоўны інжынер ЭБ “Зазер’е” Сяргей Гарнізонаў. — Складанасці ўзнікаюць з-за недахопу людзей. На дадзены момант у нашай сельгасарганізацыі не хапае чатырох механізатараў. Людзі, якія працавалі на гэтых камбайнах, цяпер займаюцца ўзняццем зябліва. Адарваць іх ад гэтага віду работ зараз мы не можам.
Пастаноўка тэхнікі на захоўванне — не адзінае пытанне, якое хвалюе прадстаўнікоў інспекцыі Дзяржтэхнагляду. Асаблівая ўвага — тэхналагічнаму парадку. Тэхніка на мехдварах павінна быць расстаўлена па відах і марках згодна з тэхналагічнымі аперацыямі, якія яна выконвае. На мехдвары ў Зазер’і парадку пакуль няма. Таксама тут трэба арганізаваць суботнік, бо на тэрыторыі шмат непатрэбных рэчаў.
Усе інжынерныя службы разумеюць, што пастаноўка тэхнікі на захоўванне — працэс не працяглы і не самы складаны. Усё залежыць ад арганізацыі работы. Добра арганізаваць работу змаглі ў ААТ “Агра-Абярэг” і “Вецярэвічы”. На дадзены момант на мехдварах гэтых гаспадарак самыя прывабныя карціны.
Нядрэнная сітуацыя ў СУП “Дукора-Агра”, ПСУ “Рудзенскае”, ААТ “Голацк”, “Зазерка”, але інжынерным службам ёсць над чым папрацаваць.
Часу на пастаноўку тэхнікі на захоўванне і навядзенне парадку засталося зусім мала. Рэкамендацыі і папярэджанні ад Дзяржтэхнагляду могуць змяніць немалыя штрафы, калі будуць парушаны патрабаванні да пастаноўкі тэхнікі на захоўванне.
Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.