Расказаць дзецям пра фінансы дапаможа кніга “Грошык і таямнічы кошык”

У выдавецтвеАдукацыя і выхаваннеўбачыла свет кніга лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, галоўнага рэдактара часопісаВясёлкаУладзіміра ЛіпскагаГрошык і таямнічы кошык”. У падзагалоўку: “Азбука фінансавай граматнасці ад “Беларусбанка”.

Лепшага фармата ў выкананні сацыяльнага заказу ў галіне дзіцячай літаратуры і не прыдумаеш. Пісьменнік расказвае дзецям (а раней гэтыя гісторыі друкаваліся на старонках часопіса “Вясёлка”)  пра тое, як нехта Грошык знаёміцца з фінансамі, спрабуе ўсвядоміць, як распараджацца рублём альбо капейкай, высвятляе, адкуль у дарослых бяруцца грошы, што такое сямейны бюджэт, як яго планаваць.

Грошык мае свае сакрэты. Займальныя аповеды пісьменніка мяжуюцца ў кнізе з рэбусамі, загадкамі — адным словам, працуе адмысловая “Школка Грошыка”.

Аўтар кнігі імкнецца насыціць чытача самай разнастайнай інфармацыяй, запрашае ў падарожжа па сакрэтных лабірынтах фінансавай  граматнасці. Разам з дзецьмі, якія адкрыюць старонкі па-свойму ўнікальнай кнігі, Уладзімір Ліпскі разважае над беларускімі народнымі прымаўкамі і выслоўямі: “Будзем мы — будуць грошы”, “Малады назбірай, а стары пражывай”, “Капейка рубель беражэ”, “Узбіцца на капейку”.

Банкаматы, пін-код, рахунак, плацежны тэрмінал, крэдыт, інкасатар — кніга дзіцячага пісьменніка дапамагае не заблытацца ў тэрміналогіі, а зразумець сутнасць гэтых тэрмінаў, іх ролю ў нашым жыцці і ўвогуле ў жыцці краіны, у фінансавай сістэме нашай дзяржавы.

Багата ілюстраванае выданне, з выдатнымі дызайнерскімі рашэннямі, выбудаванае так, каб можна было не проста чытаць, а літаральна “падарожнічаць” па тэме, уражвае. Несумненна, такую кнігу, якая нарадзілася дзякуючы і кансультацыям групы па фінансавай граматнасці Галаўнога офіса ААТ “ААБ Беларусбанк”, варта мець кожнаму малодшаму школьніку. Тыраж такой кнігі (пакуль ён складае 1000 экзэмпляраў), канешне ж, патрабуе перавыдання.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *