Адзіны на Міншчыне музей драўлянай лыжкі знаходзіцца ў Бярэзінскім раёне

АДЗІНЫ НА МІНШЧЫНЕ МУЗЕЙ ДРАЎЛЯНАЙ ЛЫЖКІ

З’явіўся ён у райцэнтры невыпадкова. Менавіта тут працуюць адмысловыя лыжачнікі, якія беражліва захоўваюць і перадаюць сакрэты старадаўняга майстэрства моладзі.

Драўляная лыжка, сапраўды, вартая ўвагі. Менавіта яна карміла многія пакаленні беларусаў і ў прамым, і ў пераносным сэнсе. У галодныя неўраджайныя гады сяляне выраб­лялі лыжкі на продаж, куплялі муку, соль, крупы. Так і выжывалі.

– А пачынаецца працэс вырабу лыжкі са звычайнага палена, якому майстар надае пэўную форму з дапамагай выдзёўбвання спецыяль­нымі інструментамі. Прычым яно павінна быць суцэльным, – тлумачыць славуты бярэзінскі майстар Яўген Паўлавіч Восіпаў. ­ Лепш за ўсё падыходзіць драўніна ліпы, паколькі яна самая мяккая. Але я вырабіў спецыяльна для музея лыжкі з розных парод дрэў. І кожны выраб аздобіў уласцівымі гэтым дрэвам кветкамі і галінкамі.

У Яўгена Паўлавіча што ні работа, то шэдэўр. Напрыклад, ён стварыў лыжку для таўстуноў. Не, не для таго, каб больш ежы ёй чэрпалі. Наадварот, каб худзелі. І называец­ ца яна «Вожык­альбінос». Толькі на адны іголкі пайшло 1200 зубачыстак. Такую лыжку, нават калі і не наеўся, не абліжаш. Або, напрыклад, лыжка, якую майстар назваў: «Мішка вельмі­вельмі любіць мёд». Да дупла крадзецца мядзведзь, каб паласавацца салодкім, але яго не пускаюць пчолы, што ўюцца вакол. Яўген Осіпаў любіць адлюстроўваць у сваіх творах жыццёвыя гісторыі. Напрыклад, на адной з лыжак захапляе сюжэт гульні ў карты бабы з дзедам. У калекцыі музея і трыпціх творцы: дзве лыжкі ў выглядзе сэрца, звязаныя ланцужком, сімвалізуюць вечнае пачуццё – каханне.

У музеі захоўваецца і яшчэ адна работа Яўгена Паўлавіча ­ лыжка з гербам горада Бера­ зіно аж на 12 літраў! Менавіта яму належала ідэя ўстанавіць помнік лыжцы. Яе памер – 2 метры 40 сантыметраў. Змайстравалі скульптуру ўчатырох: Яўген Паўлавіч з сынам, а таксама разьбяры Васіль Мурашка і Аляксандр Паскробка.

У 2010 годзе ў раёне прайшло першае абласное свята разьбяроў­лыжачнікаў. Пераможцы конкурсу пакінулі для музея свае лыжкі, якія тут і захоўваюцца. Сёння мерапрыемства рэгулярна збірае майстроў з Мінскай вобласці, шматлікую колькасць наведвальнікаў і жадаючых далучыцца да старадаўняга рамяства. Цяпер у экспазіцыі налічваецца звыш 200 лыжак. Прычым калекцыя пастаянна папаўняецца. Самая старая лыжка была знойдзена на сметніку. Відавочна, што ёй карысталіся доўгі час: пачарнелая, вышчарбленая. Ёсць і лыжкі, размаляваныя фарбай, аздобленыя рознымі матэрыяламі: саломкай, бісерам.

– Наш раён багаты майстрамі розных кірункаў народнай творчасці. Раней яны былі разрозненыя, стваралі дома, самі па сабе. Мы ўсіх аб’ядналі пад дахам цэнтра, – адзначае Яўген Паўлавіч. – Тут яны ладзяць персанальныя выставы, майстар­класы для ўсіх жадаючых, дзеляцца вопытам. Апрача гэтага, усіх наведвальнікаў забаўляе ансамбль юных лыжачнікаў пад кіраўніцтвам музыкі Міхаіла Аляксандравіча Папругі.

 

БУДЫНАК СПІРТЗАВОДА – ПОМНІК АРХІТЭКТУРЫ

Бярэзінскі спіртзавод вядзе свой адлік з 1853 года, калі ў маёнтку графа Патоцкага пачаў працаваць вінакурны завод. Дакументы, знойдзеныя ў фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва сведчаць: “Ігуменскі павет №18 Бярэзінскі завод Графа Аўгуста Патоцкага на 3000 вёдраў віна”.

У 1892 годзе ўзведзены мураваны будынак, спіртасховішча, устаноўлена паравая машына і абсталяванне. У два разы павялічылася і вытворчасць – да 6000 вёдраў спірту, павысілася і яго якасць. Спірт сталі пастаўляць у вінныя склепы графа, а таксама ў Барысаў, Бабруйск, Мінск і іншыя гарады.

Рэвалюцыя 1917 года ўнесла свае змяненні, завод быў нацыяналізаваны, спірт сталі прымяняць для патрэб народнай гаспадаркі. Няспынна працягвалася развіццё прадпрыемства, якое ўплывала і на развіццё населенага пункта ў цэлым. У 1930 годзе пабудавана электрастанцыя, якая забяспечвала электрычнасцю не толькі завод, але і раён­ ны цэнтр.

У гады Вялікай Айчыннай вайны вытворчасць практычна спынілася, але адразу пасля вызвалення раёна была адноўлена. Не спыняўся завод ва ўдасканаленні ўсе наступныя гады, пэўны час тут выпускалі сокі і крухмал.

Сёння старажыл паранейшаму ў страі, прадпрыемства з’яўляецца абасобленым структурным пад раздзяленнем РУП “Мінск Крышталь – упраўляючая кампанія холдынга Мінск Крышталь Груп”. Працягваецца яго ўдасканаленне, у тым ліку па ўкараненні безадходнай вытворчасці.

 

ПАЛЯЎНІЧЫ КОМПЛЕКС “ВЯЗЫЧЫН”

У любую пару года паляўнічы комплекс “Вязычын” прыцягвае сваімі краявідамі, асаблівым спакоем і хараством прыроды. Уладкаваны работнікамі лясной гаспадаркі, гэты ма­ляўнічы куточак на беразе рачулкі даўно стаў упадабаным месцам адпачынку самых розных людзей. Сюды едуць на паляванне і рыбалку, у грыбы і ягады. Або проста адпачыць ад паўсядзённай мітусні на ўлонні прыроды. Адпачыць адзін дзень або больш працяглы час. Комплекс прымае як невялікія кампаніі і сем’і, так і наладжвае карпаратыўныя святы, вяселлі, юбілеі, выпускныя. Арганізуюцца тут індывідуальнае і загоннае паляванне для паляўнічых, у тым ліку замежных.

На беразе маляўнічага возера размясцілася лазня, якая дакранаецца да вады сваімі прыступкамі. Вадаём першым сустракае гасцей і падаецца цэнтрам комплексу. Па перыметры возера размясцілася некалькі альтанак і адна большая – на астраўку. На беразе возера застылі ў чаканні жадаючых пакатацца лодка і катамараны. Ёсць для адпачываючых і сапраўдныя сюрпрызы жывой прыроды.

У любую пару года тут адчуваецца нацыянальная самабытнасць, натуральнасць прыроды і адначасова сучасны камфорт.

 

БІФІДЗІН – АДЗІНЫ Ў РЭСПУБЛІЦЫ

Больш за 20 гадоў у Беразіно дзейнічае прадпрыемства па вытворчасці каштоўнага лячэбнага кісламалочнага прадукту – біфідзіну, якое застаецца адзіным у рэспубліцы і прыносіць пэўную вядомасць нашаму гораду.

ТАА “Біямалпрам” было створана ў 2002 годзе пры непасрэднай дапамозе Бярэзінскага райвыканкама і Мінскага аблвыканкама з мэтай арганізацыі новых рабочых месцаў і выпуску сацыяльна­значнага імпартазамяшчальнага малочнага прадукту.

У 2003 годзе ў рамках праграмы “Дзеці Беларусі”, пры фінансавай падтрымцы Камітэта прадпрымальніцтва аблвыканкама, на прадпрыемстве была праведзена рэканструкцыя, якая павялічыла вытворчыя магутнасці. Хаця абнаўленне вядзецца пастаянна.

Прадукцыя прадпрыемства “Біямалпрам” – “Біфідзін” прызначана для харчавання дзяцей ад трох тыдняў і старэй і валодае ўнікальнымі прафілактычнымі і аздараўленчымі ўласцівасцямі. Эфектыўнасць біфідапрадуктаў у аднаўленні здароўя дзяцей пацверджана выпрабаваннямі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

“Біфідзін” стабільна трымаецца на рынку і набывае новых спажыўцоў.

 

У КРУПУ НА КРЫНІЦУ – ЗА ЛЯЧЭБНАЙ ВАДЗІЦАЙ

Сёння да гэтай крыніцы з’язджаюцца людзі з усяго наваколля – набраць вады, акунуцца ў купелі, жыва­творнай сілай вады ратаваць душу і цела. Па сведчаннях мясцовых старажылаў, гаючай вадой лячылі хваробы вачэй, страўніка, дзіцячыя хваробы. Высокія фізіка­хімічныя ўласцівасці вады па 34 паказчыках пацверджаны лабараторна ў Мінскім абласным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.

Калісьці крыніцу звалі Панскай. Хаця, як адзначаў у свой час пратаіерэй Анатоль Кісель: “Гэта не крынічка Панская, а пан ведаў, дзе сяліцца”.

Дакладней, гэта нават і не крынічка, а сем крыніц. Там, дзе яны віруюць з зямлі (вёска Крупа, 35 кіламетраў ад горада Беразіно), пабудавана Капліца з купеллю ў гонар свяціцеля Мікалая Цудатворца. У 2010 годзе па прашэнні Прыхода храма свяціцеля Мікалая Цудатворца рашэннем Бярэзінскага райвыканкама быў дадзены дазвол на гэта. Будаўніцтва вялося з дапамогай сродкаў, ахвяраваных спонсарамі дзяржаўных і прыватных арганізацый, а таксама прыхаджанамі раёна.

Месца каля крыніц пастаянна ўдасканальваецца і добраўпарадкоўваецца.

 

КАТАЛІЦКІ ХРАМ У БАГУШЭВІЧАХ

Багушэвіцкі касцёл Святой Тройцы – помнік архітэктуры ў стылі неаготыкі. Пабудаваны ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя як сямейная капліца ўладальнікаў Багушэвіцкай сядзібы Свентаржэцкіх. Касцёл размешчаны ў цэнтры населенага пункта, на гарадзішчы.

Храм у аграгарадку Багушэвічы занесены ў спіс гісторыка­культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

 

 

ГАЛОЎНЫ НОВІНСКІ БРЭНД — «ЦЯГНУЦЬ КАЛЯДУ НА ДУБА»

“…Каляда, Калядзіца!

Мы цябе адгулялі,

Добра шанавалі!

Цяпер цягнем да дуба –

Сядзі там люба!”

Толькі на ўсходзе Міншчыны яшчэ можна пачуць гэтыя словы. Яны надзвычай уплятаюцца ў развітальную песню провадаў Каляд. Менавіта на Бярэзіншчыне захавалася своеасаблівая традыцыя святкавання заканчэння зімовага свята. Яно называецца “Цягнуць Каляду на дуба” – абрад са сваімі песнямі, дзеяннямі, вясёлымі ігрышчамі.

Мясцовыя людзі кажуць: “Прайшло Божае Нараджэнне, Святыя вечары – Шчадрэц і Вадохрышча. Нарэшце прыйшоў час спыняць вясёлае баўленне часу і праводзіць шаноўную госцю – Каляду!”.

У многіх вёсках раёна яшчэ памятаюць такую народную традыцыю і час ад часу збіраюцца на провады. Але такіх вёсак застаецца, на жаль, усё менш і менш. І толькі ў Новінах традыцыя “Цягнуць Каляду на дуба” з кожным годам набірае абароты. Калядныя провады сталі тут галоўным брэндам, абрад з’яўляецца візіткай культуры рэгіёна, ён уключаны ў спіс помнікаў нематэрыяльнай спадчыны Беларусі.

Кожны год 21 студзеня новінцы збіраюцца ў сельскі Дом культуры, каб урачыста і годна аддаць пашану аднаму з галоўных свят земляробчага календара – Калядам. Яны прыносяць з сабою стравы, ласункі, робяць “ката” з хлеба, сала і каўбасы. Але самае важнае ў гэтым звычаі – упрыгожыць жытнёвы альбо пшанічны сноп, які сімвалізуе Каляду, згатаваць куццю і з гэтымі вечнымі сімваламі працавітасці і роду адправіцца за вёску да дуба, надзейна прымацаваць іх сярод галін дрэва.

– “Ой, Калядачкі! Вы на дуб, на дуб, а нам, дзевачкам, ніхто не люб!..”, – спяваюць дзяўчаты па дарозе ў поле, ідучы за санкамі, у якіх сядзіць “бабка” са снапом­ Калядою і гаршчэчкам куцці. Каторы раз на ролю паважанай “бабкі” – захавальніцы добрай сям’і і самога роду выбіраюць Ніну Дзмітрыеўну Клімовіч. Гэта яе намаганнямі ў 1998 годзе быў адноўлены абрад, актыўнымі ўдзельнікамі якога з’яўляюцца народны сямейна­абрадавы гурт “Радзіна” і ўзорны фальклорны ансамбль “Валошкі” Новінскага сельскага Дома культуры. Згодна з традыцыямі, амаль два кіламетры Ніну Дзмітрыеўну хлопцы везлі за вёску Марціянаўку да стагадовага дуба. Ён стаў своеасаблівым сімвалам – захавання памяці, якая цягнецца ад сівой старажытнасці да сённяшняга часу.

Усцягнуўшы Каляду на дуба, павадзіўшы карагоды і падсмажыўшы на агні сала, удзельнікі вяртаюцца ў вёску, працягваюць вясёлыя ігрышчы і скокі пад гармонік, кларнет і бубен.

 

«БЯРЭЗІНСКАЯ РАМПА» ЗАПАЛЬВАЕ ТЭАТРАЛЬНЫЯ АГНІ

Кожныя два гады, пачынаючы з 1997­га, напрыканцы лістапада запальвае агні «Бярэзінская рампа». На працягу трох дзён на сцэне Бярэзінскага раённага цэнтра культуры з аншлагам праходзяць спектаклі лепшых тэатраў Міншчыны, якія маюць ганаровае званне “заслужаны” ці “народны”.

Гісторыя падобных мерапрыемстваў адыходзіць сваімі каранямі ў пачатак 70­х гадоў ХХ стагоддзя, калі рэспублікі Прыбалтыкі, Расія і Беларусь заснавалі тэатральны фестываль “Рампа дружбы”. Ён праходзіў кожны год у адным з гарадоў Латвіі, Літвы ці Эстоніі. Менавіта ў невялікіх утульных гарадках наладжваліся паказы лепшых спектакляў аматарскіх тэатраў.

Гэта і стала падставай для нараджэння тэатральнага свята на Міншчыне. Ідэйным натхняльнікам і мастацкім кіраўніком першага і наступных абласных фестываляў народных тэатраў “Бярэзінская рампа” быў і да гэтага часу з’яўляецца рэжысёр народнага тэатра Бярэзінскага раённага цэнтра культуры Мікалай Пытляк. На Бярэзіншчыне для наладжвання тэатральнага фэсту ўжо існавалі пэўныя прадпасылкі. Як сведчаць гістарычныя звесткі, у другой палове мінулага стагоддзя ў маёнтку графа Патоцкага было вельмі папулярным драматычнае таварыства; у гэты ж час дзейнічала цікавая аматарская яўрэйская тэатральная група; ставіў музычна­драматычныя паказы ў сваім маёнтку Багушэвічы памешчык Свентаржэцкі.

Мэта “Бярэзінскай рампы” ­ развіццё і пераемнасць традыцый аматарскай тэатральнай творчасці на Міншчыне, актывізацыя фестывальнага тэатральнага руху, павышэнне ўзроўню рэжысёрска­пастановачнай работы і выканальніцкага майстэрства тэатральных калектываў, а таксама асобных выканаўцаў, узбагачэнне рэпертуару народных тэатраў лепшымі творамі нацыянальнай і сусветнай драматургіі.

Фестываль народных тэатраў – гэта заўсёды радасць сустрэчы з неардынарнымі калектывамі, якія за час сваёй дзейнасці сталі сапраўднымі творчымі лабараторыямі. Гэта заслужаныя аматарскія калектывы Рэспублікі Беларусь: драматычны тэатр «Відарыс» Па­лаца культуры імя М. Горкага г. Барысава і тэатр імя У. Радзівіл Нясвіжскага раённага цэнтра культуры і вольнага часу, народныя тэатры: драмы і камедыі імя У. Галубка Слуцкага гарадскога Дома культуры, Бярэзінскага раённага цэнтра культуры, маладзёжны тэатр “Штурх” ПК ВА “БелАЗ”, “Папараць­кветка” Слуцкага ГДК і інш.

Ацэньвае выканальніцкае майстэрства народных тэатраў кампетэнтнае журы, якое з самага пачатку ўзначальваў прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, доктар мастацтва­знаўства Юрый Максімавіч Сохар, а пачынаючы з 2001 года старшынёй журы нязменна з’яўляецца артыстка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы, народная артыстка Рэспублікі Беларусь Марыя Георгіеўна Захарэвіч.

З кожным новым фестывалем расце ўзровень выканальніцкага майстэрства аматарскіх тэатраў, узбагачаецца іх рэпертуар, на тэатральным небасхіле з’яўляюцца новыя імёны. На сённяшні дзень гэты фестываль — значная і яркая падзея ў культурным жыцці Міншчыны.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *