Не стала добрага чалавека, таленавітага кампазітара, але засталіся яго песні

Беларуская культура панесла вялікую страту. На 81-м годзе пайшоў з жыцця кампазітар, педагог, Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, народны артыст Беларусі, народны артыст СССР, Ганаровы грамадзянін Мінска, Мар’інай Горкі, Сальска Растоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі Ігар Лучанок.
Ігар Міхайлавіч Лучанок нарадзіўся 6 жніўня 1938 года ў сям’і ўрача. Гады Вялікай Айчыннай вайны сям’я правяла ў эвакуацыі. Пасля заканчэння вайны бацьку будучага кампазітара накіравалі ў Мар’іну Горку, дзе ён працаваў галоўным урачом чыгуначнай паліклінікі. Затым сям’я пераехала ў Мінск.
Бацька Ігара Лучанка быў музычна адораны чалавек. Здольнасці да музыкі перадаліся і сыну. Пасля пераезду ў Мінск Ігар Лучанок вучыўся ў музычнай школе пры кансерваторыі, скончыў яе адразу як цымбаліст і як піяніст. У 1961 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класе кампазіцыі Анатоля Багатырова. У 1963-1964 гадах стажыраваўся ў Ленінградскай кансерваторыі, у 1967 годзе скончыў аспірантуру Маскоўскай кансерваторыі ў Ціхана Хрэннікава.
У 1952-1953 гадах быў артыстам Дзяржаўнага народнага аркестра Беларускай ССР. Затым працаваў выкладчыкам музычнай школы ў Мінску, Мінскага педагагічнага інстытута, Гомельскага музычнага вучылішча. З 1963 года — выкладчык Беларускай кансерваторыі, у 1982-1986 гадах яе рэктар. Быў старшынёй праўлення Беларускага саюза кампазітараў.
Ігар Міхайлавіч Лучанок працаваў у розных жанрах: вакальна-сімфанічным, камерна-інструментальным, камерна-вакальным. Але найбольшую вядомасць ён набыў як кампазітар-песеннік. Асноўная вобразная сфера яго песеннай творчасці лірыка-рамантычная. Сярод вядомых яго песень “Мой родны кут”, “Жураўлі на Палессе ляцяць”, “Спадчына”, “Алеся”, “Пісьмо з 45-га”, “Майскі вальс” і іншыя.
Ігар Лучанок — аўтар 400 песень, шматлікіх кантат, санат, вакальных цыклаў, музыкі да кінафільмаў. Ён напісаў гімн Саюзнай дзяржавы. Мелодыю яго “Песні пра Мінск” кожную гадзіну адбіваюць куранты на Мінскай ратушы.
Творчасць Ігара Міхайлавіча Лучанка адзначана многімі ўзнагародамі. Ён з’яўляецца лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамола, Дзяржаўнай прэміі Беларусі, узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў, “Знак Почета”, Францыска Скарыны.
Ігар Міхайлавіч пастаянна наведваў Мар’іну Горку, дзе знаходзіцца дом яго бацькоў. Ён быў шчырым сябрам раённага краязнаўчага музея, у якім размешчана экспазіцыя, прысвечаная яго жыццю і творчасці. У Мар’інай Горцы пад яго патранатам праходзіў рэгіянальны фестываль “Майскі вальс”, удзельнікамі якога былі не толькі артысты-аматары з Мінскай вобласці, але і з Расіі, Украіны. Быў удзельнікам шматлікіх мерапрыемстваў, што праходзілі ў школах і на прадпрыемствах. Многія жыхары раёна з’яўляюцца шчырымі прыхільнікамі яго творчасці.
Не стала добрага чалавека, таленавітага кампазітара, але засталіся яго песні, і яны доўга будуць кранаць сэрцы людзей.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *