Этнаграфічная дэкада “Бабульчын куфэрак” прайшла ў Дубраўскай СШ

Музейны куток «Бабульчына хатка».

Ужо традыцыйным стала правядзенне ў Дубраўскай сярэдняй школе этнаграфічнай дэкады пад  мілагучнай назвайБабульчын куфэрак”. У рамках гэтай дэкады праводзіцца шэраг пазакласных мерапрыемстваў: віктарыны, вечарыны, бліцтурніры і кірмашы. Усё гэта накіравана на якасную і разнастайную арганізацыю вольнага часу вучняў, прывіццё ім любові да нацыянальных каштоўнасцей беларускага народа.

Раней гэта свята планавалася і праводзілася як этнаграфічны тыдзень, але ў гэтым годзе мерапрыемстваў атрымалася болей, чым вызначаных дзён. Таму дырэктарам школы і настаўнікамі было вырашана выдзеліць пад вывучэнне этнаграфічнага фальклору цэлую дэкаду, падчас якой вучням было прапанавана разгадаць “Этнаграфічны калейдаскоп”. Хлопцы і дзяўчаты самастойна, без дапамогі настаўніка, павінны былі выканаць заданні на веданне беларускіх страў, нацыянальнай вопраткі і абутку, і іншых прадметаў. У музейным кутку  “Бабульчына хатка” ўсе жадаючыя маглі паглыблена пазнаёміцца з прадметамі побыту і даўніны, якія тут прадстаўлены, і даведацца, як імі карысталіся нашы продкі.

Дарэчы, музейны куток працуе ў школе на пастаяннай аснове і час ад часу папаўняецца новымі экспанатамі. У гэтым вельмі дапамагаюць мясцовая ўлада і жыхары. Дэпутат мясцовага Савета дэпутатаў Леанід Філановіч цесна супрацоўнічае са школай у гэтым напрамку. У рамках адукацыйна-педагагічнага праекта “Захаванне спадчыны” (кіраўніком якога з’яўляецца настаўнік беларускай мовы і літаратуры Ірына Капылова) Леанід Антонавіч разам з валанцёрскім атрадам і настаўнікамі школы прымаюць актыўны ўдзел у  рабоце па пошуку прадметаў спадчыны. Усе разам яны сустракаюцца са старажыламі вёсак, збіраюць звесткі пра  гісторыю, вядзенне гаспадаркі ў мінулы час.

Падчас правядзення этнаграфічнай дэкады педагогі і вучні школы здзейснілі вандроўку па родным краі і наведалі музейны комплекс “Дукорскі маёнтак”, дзе пазнаёміліся з народнымі рамёствамі. Не менш цікавай выдалася гульня “За смугаю стагоддзяў”, у якой  вучні паказалі сваё веданне вуснай народнай творчасці. А завяршылася этнаграфічная дэкада конкурсам чытальнікаў вершаў “Народжаная лістападам”, прысвечаным 70-годдзю з дня нараджэння вядомай паэтэсы Яўгеніі Янішчыц. Вучні прымалі актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах.

Марына Грыгор’ева разам з удзельнікамі конкурсу вершаў.

Варта адзначыць, што вялікая праца па падрыхтоўцы этнаграфічнай дэкады была зроблена настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Марынай Грыгор’евай. Сваім арыгінальным падыходам да правядзення кожнага мерапрыемства яна зацікавіла вучняў так, што тыя з вялікім захапленнем працягвалі абмяркоўваць свята нават пасля яго завяршэння.

Яўгенія  ФІЛІПАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *