Пухаўчанка захапляецца вырабам салодкіх прысмакаў

Ну, вось ён зноў наступае, гэты чароўны Новы год.  З традыцыйным шампанскім, мандарынамі.  І, вядома, з салодкімі прысмакамі.  У сям’і Анны Казаравай яны будуць не набытымі, а зробленымі сваімі рукамі.  Дарэчы, і рэпетыцыя па вырабе святочнага навагодняга торта ўжо прайшла: на здымку вы бачыце вынік працы. Праўда, яго ўжо няма…

— Гэты торт быў зроблены на дзень нараджэння, — кажа Анна. — Але я вырашыла нагадаць імянінніку, што пара ўжо і за елкай адпраўляцца.

Прызнаюся, я раней бачыла і нават спрабавала аднойчы торты, прыгатаваныя Аняй.  І кожны раз шчыра дзівілася, што вось так, без усялякага навучання, можна зрабіць сапраўдны твор  мастацтва, у якім проста няма заганаў.

Зрэшты, куды прыкласці свае рукі, Аня ведала заўсёды.  Яна з дзяцінства вышывала, вязала, шыла, малявала.  І заўсёды рабіла гэта максімальна прафесійна для аматара.

— Думаю, больш за ўсё мне падабалася шыць, — расказвае Анна.— Я з задавальненнем заўсёды шыла адзенне для дачкі.  Ад карнавальных касцюмаў да самых сур’ёзных рэчаў.  Але  калі  нарадзіўся сын, зразумела, што шыццё на час трэба адкласці. І тады прыгадалася дзіцячае захапленне выпечкай.

Аднойчы ў пошуках арыгінальнага рашэння для ўпрыгожвання торта на дзень нараджэння дачкі Анна зазірнула ў інтэрнэт… І адкрыла для сябе абсалютна новы свет!

— Здаецца, зараз увогуле няма неабходнасці турбавацца аб набыцці цукерак, печыва, тортаў: выбар у магазінах проста велізарны.  Але разам з тым, людзі з кожным днём прыдумляюць і вынаходзяць усё больш  таго, што   можа  вам  спатрэбіцца, калі вы вырашылі зрабіць нешта сваімі рукамі.  Выпечка — не выключэнне.  Ёсць столькі розных гаджэтаў, інгрэдыентаў, назваў якіх я нават раней і не чула.  Але цяпер паступова даведваюся і спрабую.  І па-новаму знаёмлюся з прадуктамі.  Напрыклад, цяпер дакладна ведаю, што для мяне як для кандытара няма нічога лепшага за  шакалад  «Спартак», беларускі тварог, вяршкі, масла.  Нешта адкрываць для сябе такім  чынам — гэта цікава.

За даволі невялікі адрэзак часу Анна навучылася рабіць хатні зефір, хатнія цукеркі, размалёўваць сваімі рукамі печыва.  Для гэтага зараз не праблема знайсці пэндзлі і спецыяльныя харчовыя фарбы.

Праўда, трэба яшчэ і час знайсці.  А гэта, бадай, складаней за ўсё.  Таму, напрыклад,  апошні  торт рыхтаваўся цэлых тры дні.  І самым простым ў працэсе была выпечка.  А вось упрыгожваць прыйшлося доўга, каб не атрымаўся брак.  Чаго варта было толькі намаляваць  машынку з ёлкай!  Мне шкада, але фотаздымак  не перадае ў  поўнай  меры  ўсе  тонкасці   малюнка, які хоць і выглядае мульцяшным, але,  здаецца, вось-вось ажыве…

Калі я дапісвала гэтыя радкі і рыхтавала фотаздымак, я разумела, што торцік ужо, напэўна, з задавальненнем з’едзены гасцямі.  Не сказаць, што мне ад гэтага стала неяк сумна.  Але ўсё ж!  Пашытая рэч будзе насіцца гадамі.  А торт, над якім стаяў гадзінамі,  жыве зусім нядоўга.

— Так, вынік майго сённяшняга захаплення немагчыма захаваць  нават на некалькі дзён, — усміхаецца Анна.— Але ўсё роўна ты атрымліваеш велізарнае задавальненне ад таго, што, па-першае, у цябе атрымалася задуманае і яго ацанілі людзі.  А па-другое, ад таго, што з’яўляецца нагода спячы нешта новае…

Алена   ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *