У Пухавіцкім раёне прайшлі традыцыйныя  Чыгрынаўскія чытанні

 

У літаратурным календары Беларусі нямала значных дат. Адна з іх  — дзень нараджэння народнага  пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава, які адзначаецца 21 снежня.   Менавіта да яго прымеркаваны  традыцыйныя  Чыгрынаўскія чытанні, што праводзяцца ў нашым раёне  ўжо  больш за дваццаць гадоў. 

Пухавіччына не была радзімай  Івана Гаўрылавіча.  Яго родныя мясціны на Магілёўшчыне:  вёска  Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна. Дарога туды абарвалася пасля трагедыі   на  Чарнобыльскай АЭС: вёска Вялікі Бор апынулася ў зоне радыеактыўнага  забруджвання і перастала існаваць. Але лёс склаўся так, што Іван Гаўрылавіч  пазнаёміўся з Пухавіччынай, знайшоў тут аднадумцаў і нярэдка наведваў нашы мясціны. Нават задумаўся аб тым, каб набыць тут сабе лецішча. Але здзейсніць гэтую мару не паспеў.

Выступае Алена Чыгрынава.

Чыгрынаўскія чытанні пачалі ладзіцца яшчэ пры жыцці народнага пісьменніка. Гэтую традыцыю працягвае раённы краязнаўчы музей.  Яго дырэктар Аляксандр Прановіч запрашае на сустрэчу з моладдзю родных пісьменніка, яго калег па літаратурным цэху. Амаль увесь гэты час у мерапрыемствах прымала ўдзел жонка і верны сябра  Івана Гаўрылавіча Людміла Прохараўна. Але ўзрост бярэ сваё: у гэтым годзе па стане здароўя яна прыехаць не змагла.  Эстафету прынялі ўжо дзеці: сваімі ўспамінамі з навучэнцамі сярэдняй  школы № 2  горада  Мар’іна Горка  і   Мар’інагор-скага  аграрна-тэхнічнага  каледжа падзялілася  малодшая   дачка   народнага  пісьменніка  Алена  Іванаўна.

Для  сярэдняй школы №2 горада Мар’іна Горка  Чыгрынаўскія   чытанні   —   мерапрыемства традыцыйнае.  Упершыню яны прайшлі тут  у 2001 годзе. На сустрэчы з вучнямі і  настаўнікамі  прыязджалі народная артыстка Беларусі  Марыя  Захарэвіч, якая   выконвала   ролі  ў  п’есах Івана Чыгрынава, пісьменнікі Анатоль Вярцінскі, Уладзімір Скарынкін і іншыя. У школьнай бібліятэцы  захоўваюцца  кнігі,  падараваныя Людмілай Чыгрынавай.

Да кожнай сустрэчы вучні і настаўнікі сур’ёзна рыхтуюцца. І ў  гэты раз   размаўлялі пра значныя падзеі з жыцця і творчасці Івана Чыгрынава, прачыталі ўрыўкі з апавяданняў  “Бульба”, “Коні”, “Ішоў на вайну чалавек”, рамана “Плач перапёлкі”.

Алена  Іванаўна падзялілася  сваімі   ўспамінамі   пра бацьку і выказала вялікую падзяку ад  родных  за  тое, што на Пухавіччыне  захоўваюць памяць пра Івана Чыгрынава.

Наталля ВАСІЛЬЕВА. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *