Намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі павіншаваў выхаванцаў SOS-Дзіцячай вёскі Мар’іна Горка
На год пасталелі выхаванцы SOS-Дзіцячай вёскі Мар’іна Горка з моманту сустрэчы года ўжо адыходзячага. Але гэта не значыць, што з меншым нецярпеннем, марамі аб цудзе і падарунках яны чакаюць Новы год. Таму з традыцыйна добрым навагоднім настроем заўсёды вітаюць гасцей, якія ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» штогод напярэдадні свята наведваюць дзяцей, якія жывуць і выхоўваюцца ў Дзіцячай вёсцы.
І на гэты раз яе дырэктар Дзмітрый Калтовіч з задавальненнем прадстаўляў не шэфаў — найперш добрых сяброў — з Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
Намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі павіншаваў хлопчыкаў і дзяўчынак, а таксама SOS-матуль з надыходзячымі навагоднімі і каляднымі святамі. Ігар Іванавіч пажадаў дзецям усяго самага добрага, светлага, пазітыўнага: поспехаў у вучобе, здароўя, удачы і добрага настрою на кожны новы дзень.
Ігар Бузоўскі таксама адзначыў, што рады бачыць, як дзеці тут акружаны любоўю, клопатам, увагай.
Ігар Іванавіч падарыў кожнай SOS-сям’і кнігі, канцылярскія тавары, кошыкі з фруктовымі наборамі, футбольныя мячы.
Салодкія падарункі выхаванцам SOS-Дзіцячай вёскі Мар’іна Горка ўручылі і ад раённага выканаўчага камітэта.
У сваю чаргу гаспадары запрасілі гасцей прыняць удзел у святочным навагоднім прадстаўленні з карагодамі, песнямі, конкурсамі.
Алена ШАНТЫКА.