Путь в литературу Владимира Глушакова начинался с районки

Беларускі пісьменнік Уладзімір Глушакоў скончыў Мар’інагорскі сельскагаспадарчы тэхнікум, Белдзяржуніверсітэт, Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве. Працаваў у рэспубліканскіх часопісах “Нёман”, “Беларуская думка”. Аўтар шматлікіх аповесцей і раманаў.

Успамінаю першую сустрэчу з Уладзімірам Глушаковым. Неяк пад вечар у рэдакцыю раённай газеты патэлефанаваў Захар Якаўлевіч Бірала, выкладчык тэхнікума, паэт.

— Я вам прышлю студэнта, на агранома вучыцца ў нас, Уладзіміра Глушакова. Ен вершы піша. І неблагія, можна надрукаваць на старонках “Сцяга працы”. Вершы нам спадабаліся.

Лірычная чысціня твораў Уладзіміра кранула сэрца рэдактара газеты Аляксандра Пятровіча Грышана. “Бачыш, як хораша, — цешыўся ён. — Пра зіму піша”.

Глушакова залічылі ў школу рабселькораў. Уладзімір на рабселькораўскія заняткі з пустымі рукамі не прыходзіў, прыносіў у рэдакцыю свае замалёўкі, інфармацыі пра студэнцкае жыццё-быццё.

Аднойчы журналісты папрасілі Глушакова застацца пасля заняткаў у школе рабселькораў. Доўга гутарылі.

— Вам трэба абавязкова паступаць у літаратурны інстытут. Вашы вершы і апавяданні на старонках раённай газеты даюць падставы сцвярджаць, што вы можаце сур’ёзна займацца літаратурнай працай, — падвёў вынікі гутаркі Аляксандр Пятровіч Грышан.

— Гэта ў перспектыве, — згадзіўся з думкай рэдактара Глушакоў. А зараз я еду працаваць на вёску. Упраўленне сельскай гаспадаркі райвыканкама дало накіраванне ў Селецк. Брыгадзірам буду. Вучоба ў тэхнікуме завяршаецца. Наперадзе — праца.

Праз шмат гадоў на сустрэчы з вучнямі Светлаборскай СШ Уладзімір Глушакоў расказваў пра свае творы.

— У вашым рамане “На круги своя” расказваецца пра галоўнага героя, які быў у свой час студэнтам Мар’інагорскага сельскагаспадарчага тэхнікума. З каго вы пісалі твор? — спытала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Таццяна Міхайлаўна Задора.

— Спісаў з сябе. Я вучыўся ў тэхнікуме ў 70-я гады на агранамічным аддзяленні, — адказаў Глушакоў. — Вашы мясціны дарагія для мяне. Тут прайшлі мае юнацкія гады, тут я ўпершыню ўзяў пяро ў рукі, спасцігаючы азы прыгожага пісьменства.

Віншуючы калектыў рэдакцыі з 70-годдзем газеты Уладзімір дапоўніў сказанае ў Светлым Бары:

— Вялікі штуршок у творчасці дала наша “раёнка”. Ніколі не забываю пра гэта. Навык літаратурнай практыкі вельмі спатрэбіўся мне, калі я стаў пісьменнікам, рэдактарам часопіса “Беларуская думка”.

У часопісе “Беларуская думка” Уладзімір сфарміраваўся як публіцыст, далучыўшыся да праблем дзяржаўнага і культурнага будаўніцтва ў рэспубліцы. У 2001 годзе ў свет выходзіць у Мінску кніга “Новая Беларусь”, напісаная ў тэндэме з В. Вялічка і В. Шырко. Кніга адкрывалася раздзелам В. Вялічкі “Час — формула жыцця”. У артыкуле ішла размова аб постіндустрыяльным грамадстве, у якім прыярытэтнымі становяцца веды.

У рэцэнзіі на кнігу аглядальнік часопіса “Беларуская думка” пісаў: Як і ў мінулай кнізе “Беларусь маладая”, у “Новай Беларусі” В. Вялічка, В. Шырко, Ул. Глушакоў па словах аўтара прадмовы Івана Шамякіна, “не ганяюцца за сенсацыяй, а маюць вечныя тэмы: як жыць, здабываць хлеб надзённы, выхоўваць маладое пакаленне, звяраць учынкі з наказам дзядоў і бацькоў, любіць, берагчы ад ворагаў сваю Беларусь, працаваць так, каб жыццё ўсіх, і кожнага з нас, стала больш заможным”.

Ахвотна карыстаецца празаік сродкамі мастацкай публіцыстыкі ў тэатралогіі “Развітанне на пачатку вясны”. Наследуючы традыцыі пенталогіі Івана Шамякіна, палескай хронікі Івана Мележа, У.С. Глушакоў абазначыў ідэалы хрысціянства, пісьменства. Выпісаў у творы пераканальныя вобразы бацькі, бабулі Наталлі, маці Любы, якія аб’яднаны сімвалічна ў вобразы Айчыны, Белай Русі.

Дадамо сюды яшчэ высокую культуру празаіка, які на сваёй паўвекавой юбілейнай вечарыне ў Доме журналістаў у Мінску пасля ўручэння яму ганаровай граматы рэдакцыі “Пухавіцкія навіны” сказаў:

— Пухавіччына для мяне — зямля белых бяроз, фарбы ніў, палеткаў, сціплыя, мудрыя людзі. Пра культурнае жыццё Пухавіччыны, пра музей гісторыка-краязнаўчы ў Мар’інагорскім аграрна-тэхнічным каледжы, ён распытваў у мяне і ў час сустрэчы ў Мінску на з’ездзе пісьменнікаў Беларусі.

Падумалася мне: бацькі Уладзіміра далі паруку перад Богам, выхавалі сына ў хрысціянскай веры. Верай у людзей і моцны пісьменнік, публіцыст і паэт у душы Уладзімір Глушакоў, паклаўшы свой першы вянок у літаратурную забудову на Пухавіччыне.

Браніслаў ЗУБКОЎСКІ,

член Саюза пісьменнікаў

Беларусі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *