Годам перамог стаў для пухавіччаніна 2018 год

 

Багатым на перамогі  ў  разнастайных музычных конкурсах стаў 2018 год  для мастацкага кіраўніка народнага сямейнага ансамбля “Жывіца” Борскага сельскага Дома культуры Юрыя Крывашэя.

Дыплом лаўрэата першай ступені папоўніў  скарбонку яго ўзнагарод пасля ўдзелу ў  29-м  міжнародным фестывалі народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік», які праходзіў у чэрвені ў  Паставах. Абласны фестываль народнай музыкі “Грай, гармонік!” у Нясвіжы прынёс дыплом лаўрэата другой ступені.

Высока ацаніла выканальніцкае мастацтва Юрыя і журы міжнароднага конкурсу “Віват, Пецярбург!”, дзе ён стаў пераможцай.  Добрай школай для маладога музыканта стаў удзел у міжнародным форуме выканаўцаў на духавых інструментах, што адбыўся ў Рызе.

У пачатку снежня ў Санкт-Пецярбурзе праходзіў дзявяты міжнародны конкурс выканальніцкага   майстэрства   “Санкт-Пецярбуржскія Асамблеі мастацтваў”, на якім  Юрый атрымаў званне “Пераможца. Лаўрэат першай ступені” і дыплом “За апрацоўкі для беларускіх народных духавых інструментаў”. Гэты  музычны форум з’яўляецца адным з самых прэстыжных у Расіі. У гэтым годзе  ў ім прымалі ўдзел прадстаўнікі з Расіі, Беларусі, Узбекістана, Польшчы, Ірландіі.

У  межах конкурсу ў Царскасельскім музычным ліцэі адбыўся форум  “Расія-Беларусь-Польша”, у якім Юрый таксама прымаў удзел  і прадэманстраваў сваё майстэрства ігры на разнастайных  беларускіх народных духавых інструментах (дудка, дуда, жалейка, акарына).

Юрый Крывашэй з’яўляецца членам  Беларускага саюза музычных дзеячаў. Зараз малады чалавек узначальвае народны  сямейны ансамбль “Жывіца” Борскага сельскага Дома культуры. Гэты калектыў з’яўляецца частым удзельнікам раённых, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемстваў, фестываляў і конкурсаў. У  2019  годзе ансамбль адзначыць сваё  25-годдзе.

Наталля ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *