Дырэктар ААТ “Агра-Абярэг” узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”

Выконваючы абавязкі старшыні райвыканкама Аляксандр Ласевіч і дырэктар ААТ «Агра-Абярэг» Пётр Казак.

Добрая навіна прыйшла напярэдадні Новага года ў калектыў ААТ “Агра-Абярэг”. Дырэктар гаспадаркі Пётр Казак быў узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”.

Такая высокая дзяржаўная ўзнагарода адлюстроўвае вынік шматгадовай плённай працы. Як таленавітага кіраўніка Пятра Васільевіча ведаюць многія. У нашым раёне ён пачынаў сваю кар’еру з  кастрычніка 1989 года намеснікам дырэктара па вытворчасці СВК “Світанак”. Праз сем гадоў Пётр Васільевіч узначаліў кааператыў і з таго часу нязменна працуе  кіраўніком гаспадаркі.

З  2003 года яна называецца “Агра-Абярэг”. Пасля пачаліся значныя перамены ў гісторыі гаспадаркі. У 2005 годзе да яе далучылі землі былога СВК “Навапольскі”, у 2011 годзе — КСУП “Азярычына”.  Такія ўзбуйненні патрабавалі ад кіраўніка рацыяналізатарскага падыходу і адказнасці не толькі за эканамічную сітуацыю сельгасарганізацыі, але і за людзей. У Пятра Казака атрымалася знайсці правільныя рашэнні. На працягу многіх гадоў сельгасарганізацыя  застаецца адной з самых паспяховых у раёне  і штогод паказвае ста-більна высокія вынікі.  Як адкрытае акцыянернае таварыства яна функцыянуе з 2011 года.

У кабінеце кіраўніка шмат дыпломаў і грамат самых розных узроўняў. 2018 год гаспадарка завяршыла таксама з працоўнымі поспехамі: ААТ “Агра-Абярэг” заняла другое месца ў раёне па выніках вясенне-палявых работ і сяўбе азімых культур.  Па выніках раённага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні машынных двароў сельгаспрадпрыемства ўдастоена трэцяга месца.

Асаблівую ўвагу Пётр Казак надае галіне жывёлагадоўлі. Гаспадарка адной з першых у раёне пачала займацца вырошчваннем бычкоў на мяса. Пастаянна вя-дзецца  рэканструкцыя і будоўля жывёлагадоўчых аб’ектаў. У бліжэйшы час плануецца ад-крыццё даільнай залы на МТФ “Дудзічы-2”.

Пётр Васільевіч неаднаразова падкрэсліваў, што работа ўсяго калектыву перш за ўсе накіравана на забяспечанне дабрабыту  людзей. Кіраўніцтва гаспадаркі цяпер працуе над зборам дакументаў для будаўніцтва жылля. Гэта дапаможа прыцягнуць у гаспадарку новыя кадры.

Работу Пятра Казака можна ацэньваць не толькі ў прафесійнай сферы. Пётр Васільевіч — дэпутат раённага Савета дэпутатаў ад Навапольскай выбарчай акругі. На гэтую пасаду людзі выбіраюць яго не першы год.

 Кацярына  ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *