Жыхарам вёскі Лешніца падарылі навагодні цуд

Усе людзі чакаюць цудаў. Асабліва  напярэдадні Новага года. І нават калі яшчэ ў дзяцінстве перасталі верыць у існаванне Дзеда Мароза, нечаканае з’яўленне на ганку дома навагодняга чараўніка і яго прыгажуні-унучкі выклікае  радасць  ва ўсіх, незалежна ад узросту. У гэтым яшчэ раз упэўніліся некаторыя ўраджэнцы вёскі Лешніца, якія сёння ў асноўным жывуць у Мінску, а сваю малую радзіму часцей наведваюць летам, калі пачынаецца дачны сезон. 

Яны вырашылі падарыць навагодні цуд сем’ям з дзецьмі і людзям сталага ўзросту, якія пастаянна жывуць у Лешніцы. Ініцыятыўная група, у склад якой увайшлі Таццяна Асташонак,Ірына Асташонак, Валянціна Ладуцька, Аксана Асташонак, Кірыл Вышынскі, Віктар Ажаронак, сабрала падарункі і прыехала ў госці да сваіх землякоў.  Можна ўявіць здзіўленне і малых, і дарослых, калі, адчыніўшы дзверы, яны на ганку свайго дома бачылі Дзеда Мароза і Снягурку, ролі якіх дасталіся Кірылу Вышынскаму і Аксане Асташонак. Дарэчы, Кірыл  ператвараецца ў навагодняга чараўніка як сапраўдны прафесіянал. Хобі ў яго такое: у вольны час ён  гэтую ролю выконвае на розных святах,  таму і мае ў запасе шмат прыгожых віншаванняў і вясёлых жартаў. У якасці падарункаў Дзед Мароз і Снягурка разам  са сваёй камандай уручылі жыхарам вёскі наборы цукерак і невялікія сувеніры, якія члены ініцыятыўнай групы набылі за свой кошт.

Навагоднія цуды рэдка здараюцца без удзелу неабыякавых людзей. Вось і арганізатарам гэтай падзеі было важна, каб на іх малой радзіме навагодняе свята не абмінула дамы, дзе жывуць адзінокія састарэлыя людзі, малыя дзеці, якія вельмі чакаюць Дзеда Мароза з яго цудоўнымі сябрамі.

Наталля  ВАСІЛЬЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *