У Мар’інай Горцы адбылася канферэнцыя, прысвечаная 100-годдзю БССР
“Ад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі да незалежнай суверэннай Беларусі” — так была абазначана тэма канферэнцыі, прысвечанай 100-годдзю з дня ўтварэння БССР, якая прайшла ў філіяле раённага краязнаўчага музея “Героі і подзвігі”, што размяшчаецца ў сярэдняй школе №3 горада Мар’іна Горка. Ініцыятыву правядзення гэтага мерапрыемства падтрымалі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, упраўленне па адукацыі, спорце і турызме раённага выканаўчага камітэта. Удзел у канферэнцыі прынялі настаўнікі гісторыі, ветэраны, краязнаўцы.
Размову пачаў дырэктар раённага края-знаўчага музея Аляксандр Прановіч. Тэма яго выступлення — “Шляхі станаўлення БССР”. Аляксандр Аляксандравіч нагадаў пра падзеі канца 1918 –1920 гадоў, пра тое, як ішло фарміраванне тэрыторый Беларускай Рэспублікі на розных этапах савецкай гісторыі, пра дзяржаўных дзеячоў — ураджэнцаў Пухавіччыны.
Асаблівую ўвагу ўдзельнікі канферэнцыі ўдзялілі персоне Аляксандра Чарвякова. Як адзначыла кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў гісторыі, настаўнік Дукорскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа Вераніка Гутарава, на жаль, усё, што мы ведаем пра яго, — гэта вельмі сціслая, хутчэй, схематычная біяграфічная даведка. Даследаваннем яго жыцця і дзейнасці, як, дарэчы, і другіх стваральнікаў Беларускай Савецкай Рэспублікі, яшчэ ніхто не займаўся. Сёння не абаронена ніводнай кандыдацкай дысертацыі, прысвечанай Аляксандру Чарвякову. Не існуе ніводнага помніка ў яго гонар. І хаця гэта персона дзяржаўнага маштабу, вуліца, якая носіць яго імя, ёсць толькі ў аграгарадку Дукора. А яшчэ яго імя прысвоена ўстанове адукацыі “Свіслацкая сярэдняя школа”.
Удзельнікі канферэнцыі вялі размову аб тым, што неабходна звярнуцца да раённага выканаўчага камітэта з прапановай назваць адну з новых вуліц у горадзе Мар’іна Горка іменем Аляксандра Чарвякова, разгледзець пытанне аб стварэнні яму помніка.
Адным з самых трагічных у гісторыі Беларусі стаў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, аб якім напомніла настаўнік Рудзенскай сярэдняй школы Наталля Іванюк. Нават у гісторыі вайны, пра якую мы даволі часта вядзём размову, нямала белых плямаў. У тым ліку і ў нашым раёне. Прагучала прапанова да 75-годдзя вызвалення Беларусі раённаму краязнаўчаму музею разам з установамі адукацыі сярод навучэнцаў правесці віктарыну па ваеннай гісторыі Пухавіччыны.
Свой погляд на падзеі, якія абмяркоўвалі ўдзельнікі канферэнцыі, выказалі ветэраны Віктар Саўчанка, Уладзімір Белавусаў.
Старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ала Ралькевіч падкрэсліла, што помніць сваю гісторыю — жыццёва неабходна. Гэта засцерагае ад многіх памылак.
Канферэнцыя нездарма праходзіла ў адноўленай зале краязнаўчага музея “Героі і подзвігі”, дзе сабрана інфармацыя аб усіх Героях Савецкага Саюза, якія нарадзіліся на Пухавіччыне, былі звязаны лёсам з нашай зямлёй. Аляксандр Прановіч расказаў удзельнікам мерапрыемства, што яшчэ будзе зроблена, якімі матэрыяламі ў бліжэйшы час папоўніцца экспазіцыя. Напрыканцы ён адзначыў, што музеі павінны жыць, яны чакаюць сваіх наведвальнікаў.
Наталля ПАРХОМЧЫК.