У Пухавіцкім раёне прайшлі дабрачынныя акцыі

З песнямі, вершамі, танцамі і, безумоўна, святочным настроем — так прайшла традыцыйная дабрачынная акцыя “Цуды на Ражджаство”, якую актывісты РК ГА “БРСМ” правялі для выхаванцаў аддзялення дзіцячага сацыяльнага прытулку ў Дубраўцы. Напрыканцы святочнай праграмы дзеці атрымалі падарункі: цукеркі, цацкі, канцылярскія вырабы дапамаглі сабраць школы раёна і ўсе неабыякавыя пухавіччане.

У РК ГА “БРСМ” і сацыяльнага прытулка склаліся сяброўскія адносіны. Моладзь прыязджае да дзяцей не толькі ў святы: разам яны праводзяць нямала мерапрыемстваў.

*   *   *

У Дукорскім сельскім Доме культуры 12 студзеня сабраліся прыхаджане храма Святога прарока Ільі і жыхары аграгарадка Дукора.  Святочны калядны канцэрт «Святло Віфлеемскай зоркі» падрыхтавалі для іх школьнікі і ўдзельнікі творчых калектываў СДК. На свяце прысутнічаў настаяцель храма іерэй Андрэй Івойлаў. Бацюшка павіншаваў вернікаў са святам Божага Нараджэння, падзякаваў усім, хто ўдзельнічаў у арганізацыі канцэрта, пажадаў  заставацца заўсёды чыстымі душой і сэрцам і, вядома ж, пранесці праз усё сваё жыццё веру ў Хрыста, які ёсць святло, якое прасвятляе ўсіх. Пасля завяршэння канцэрта ўсе прысутныя на ім дзеці атрымалі калядныя падарункі.

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ. 

Валянціна  БЕЛАЯ.

Нядаўна ад касцёла ў Мар’інай Горцы ў напрамку Пухавіцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната выехала аўтакалона з юнымі акцёрамі, рэквізітам і падарункамі. Дзеці  і  іх  бацькі на чале з пробашчам  Мар’інагорскай парафіі ксяндзом Генрыхам Кучынскім паехалі шукаць маленькага Езуса ў іншых людзях: хворых, часам зусім бездапаможных, некаторыя з якіх засталіся на ўзроўні немаўлятаў. Паехалі да іх, каб у іх асобах пакланіцца Хрысту і прынесці Яму свае дары.

Наведванне дома-інтэрната ў перыяд   Божага Нараджэння стала ўжо традыцыяй. Пяты год запар з дапамогай Сняжаны Буцук і Іны Лойка дзеці рыхтуюць прадстаўленне для яго насельнікаў. У гэтым годзе гледачоў чакаў мюзікл.

Віталій   ПАЛІНЕЎСКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *