Аграэкатурызм дае дадатковыя магчымасці для развіцця эканомікі рэгіёнаў

Аграсядзіба «Зарачаны».

Па выніках 2018 года Беларусь заняла першае месца ў намінацыі «Агратурызм» у рэйтынгу National Geographic Traveler Awards (Расія). І гэта не ўпершыню, што сведчыць аб  паспяховым развіцці названага накірунку ў нашай рэспубліцы. Аб гэтым ішла размова падчас прэс-канферэнцыі “Аграэкатурызм у Беларусі як нацыянальны брэнд. Як развіваць эканоміку ўражанняў”, якая адбылася ў прэс-цэнтры БелТА. У якасці спікераў удзел у ёй прымалі намеснік дырэктара Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Беларусі Віталь Грыцэвіч, старшыня БГА “Адпачынак у вёсцы” Валерыя Кліцунова, уладальнік аграсядзібы «Ганка», старшыня грамадскага савета па развіцці аграэкатурызму Валожынскага раёна Анатоль Ганец.

Аграсядзіба «Дары Вялеса».

Віталь Грыцэвіч паведаміў, што на 1 студзеня 2018 года ў нашай рэспубліцы налічвалася  2319 суб’ектаў аграэкатурызму. У мінулым годзе ў параўнанні з папярэднім іх колькасць павялічылася  толькі на 2 працэнты. Гэта сведчыць  аб  тым,  што  рынак  запоўніўся. Адзначаецца рост колькасці прынятых гасцей.  Да нас усё болей пачало прыязджаць турыстаў з Заходняй Еўропы, Паўночнай Амерыкі. Штуршком для развіцця агратурызму стала ўвядзенне бязвізавага рэжыму.

Аграсядзібы становяцца  больш разнастайнымі, са сваёй арыгінальнай спецыялізацыяй. Віталь Грыцэвіч лічыць, што менавіта да гэтага трэба імкнуцца. Першачарговая задача на сённяшні дзень — стварэнне кластараў. Аб’яднанне аграсядзіб, фермерскіх гаспадарак, рамеснікаў дазваляе прапаноўваць гасцям больш разнастайны турыстычны прадукт.

Віталь   Грыцэвіч  напомніў,  што Беларусь рыхтуецца прымаць II Еўрапейскія гульні. І гэты момант павінны скарыстаць уладальнікі аграсядзіб, каб прэзентаваць сваю справу. На II Еўрапейскія гульні чакаецца каля 30 тысяч гасцей. Жыць яны плануюць не толькі ў гатэлях, але і ў аграсядзібах. Дарэчы, акцыя “Дзень адчыненых дзвярэй у аграсядзібе” ў гэтым годзе будзе прымеркавана да II Еўрапейскіх гульняў.

Валерыя Кліцунова падзялілася сваімі думкамі аб напрамках развіцця аграэкатурызму. Яна лічыць, што наш курс — гэта ўстойлівае развіццё: калі рабіць стаўку на зялёную эканоміку,  людзі  да нас паедуць. Яшчэ адна наша адметнасць — экалагічнасць. Прывабліваюць турыстаў і новыя ўражанні, якія, па словах Валерыі Кліцуновай, будуць самым прадаваемым таварам у нашым стагоддзі. Кожны гаспадар аграсядзібы павінен падумаць аб арыгінальным прадукце, бо час патрабуе крэатыўнасці. І яшчэ адзін   важны  напрамак   —  інклюзія: людзі  з інваліднасцю павінны мець  доступ  да  турыстычных  паслуг.

Анатоль Ганец засяродзіў увагу на карысці, якую ўладальнікам аграсядзіб прыносіць аб’яднанне. Ён расказаў, як у Валожынскім раёне з’явіўся грамадскі савет  па развіцці  аграэкатурызму,  як  пачалі  ўзнікаць  кластары. У яго  сядзібе “Ганка” выпякаюць хлеб і могуць расказаць усё пра тое, як гэты важны прадукт з’яўляецца на нашым стале. Адзін  з партнёраў разводзіць пчол і шмат цікавага ведае пра мёд, другі  трымае коней. Кожны гаспадар сваім гасцям прапануе пабываць у суседзяў і набыць новыя ўражанні. Яны перанакіроўваюць турыстаў, такім чынам падтрымліваючы адзін аднаго. Карысць ад такой кааперацыі маюць і ўладальнікі аграсядзіб, і іх госці.

Усе ўдзельнікі прэс-канферэнцыі падкрэслівалі: аграэкатурызм дае дадатковыя магчымасці для развіцця эканомікі рэгіёнаў, асабліва сельскіх, дзе вытворчыя рэсурсы даволі абмежаваныя. Але ў гэтай справе ёсць і праблемы. Напрыклад, слабае ўзаемадзеянне аграсядзіб з турыстычнымі фірмамі, недастатковае выкарыстанне электроннага маркетынгу.

У нашым   раёне  асабіста  я  наведала  пакуль   толькі  чатыры  аграсядзібы: “Зарачаны”, “Маліннікі”,   “Дары   Вялеса”,  “Балачанка”.  Пра іх дакладна магу сказаць, што кожная мае свой “твар”.  Напрыклад, гаспадары  сядзібы “Зарачаны”, у адрас якой падчас прэс-канферэнцыі прагучалі станоўчыя водгукі, могуць прапанаваць сваім гасцям пажыць у доміках, якія размясціліся  на дрэвах, наведаць сямейны музей, пачаставацца самымі разнастайнымі стравамі з бульбы.

Калі ёсць жаданне стаць удзельнікам  цікавага   народнага   свята,    у  тым  ліку і  дзіцячага,  навучыцца новаму  падчас  разнастайных   майстар-класаў,    варта  накіравацца  ў   аграсядзібу   “Дары   Вялеса”.

Гаспадары “Балачанкі” прапануюць сваім гасцям дамашнюю кухню, у сезон могуць арганізаваць паход за ягадамі-грыбамі. У гэтых сядзібах зручна адпачываць з дзецьмі. І “Маліннікі” прапануюць утульны адпачынак. Яшчэ адна добрая якасць гэтай сядзібы:    тут можна размясціцца, калі ёсць жаданне некалькі дзён запар наведваць  музейны   комплекс    “Дудуткі”. На жаль, больш нідзе пакуль пабываць не давялося, хаця на тэрыторыі нашага раёна  гасцей прымаюць у 17 аграсядзібах.

А вось спецыялісты ДУДА “Цэнтр турызму дзяцей і моладзі Пухавіцкага раёна” ў верасні мінулага года  наведалі большасць  з  іх,  каб  высветліць  перспектывы супрацоўніцтва. На жаль, па іх прызнанні,  цікаўнасці з боку   гаспадароў  яны  пакуль  не адчулі.   Наладзіць узаемадзеянне атрымалася толькі  з сядзібай “Дары Вялеса” ў Блужы. За мінулы год праз цэнтр турызму дзяцей і моладзі  туды было накіравана чатыры аўтобусы па сорак чалавек. Зараз  у  зімовыя  святочныя  дні арганізавана  паездка для дзвюх груп дарослых.

У мінулым  годзе ўладальнікі некаторых аграсядзіб нашага раёна ўзнялі пытанне аб аб’яднанні намаганняў для развіцця агульнай справы.  Адчуванне, што мінае той  час, калі кожны выжываў паасобку, а для гасцей было дастаткова толькі “чаркі і шкваркі”, лунае ў паветры. Магчыма, у бліжэйшы час і ў нас з’явяцца кластары, і  мы  будзем  больш  ведаць пра аграсядзібы нашага раёна.

Наталля   ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *