Вучаніца Свіслацкай СШ стала фіналісткай конкурсу «Вучань года Мінскай вобласці»
Нядаўна ў Дзяржынску на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання фіналістаў традыцыйнага конкурсу «Вучань года Мінскай вобласці» ўшаноўвалі самых таленавітых, творчых, эрудыраваных і спартыўных хлопчыкаў і дзяўчынак, якія з’яўляюцца актывістамі дзіцячага і маладзёжнага руху, прызёрамі раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд, навуковых і творчых конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў.
Пераможцам у намінацыях «Вучэбная дзейнасць», «Праектная дзейнасць» і «Спартыўная дзейнасць» (25 лепшым вучням цэнтральнага рэгіёна краіны) уручылі памятныя знакі, статуэткі і пасведчанні.
Пераможцамі раённага этапу конкурсу і ўдзельнікамі абласнога сталі вучань Мар’інагорскай гімназіі Багдан Дзмітрук і вучань 11 класа СШ №2 горада Мар’іна Горка Аляксей Буры. А вучаніца 8 класа Свіслацкай сярэдняй школы імя А.Р. Чарвякова Марыя Хурс увайшла ў лік фіналістаў і была названа вучнем года Мінскай вобласці-2018 у намінацыі «Вучэбная дзейнасць».
— Я вельмі ганаруся гэтай узнагародай, — кажа Марыя.— Яна асаблівая, бо нейкім чынам абазначыла для мяне той даволі высокі ўзровень, якога я змагла дасягнуць. Але, разам з тым, дала зразумець, што цяпер я павінна ісці далей і штодня даказваць невыпадковасць гэтай узнагароды.
Алена ШАНТЫКА.