У школах Пухавіцкага раёна адбыліся вечары сустрэчы выпускнікоў

Выпускнікі сярэдняй школы № 4 горада Мар’іна Горка.

Залатыя  юбіляры

Большая частка нашага дзяцінства звязана са школай. Менавіта ў яе сценах з’яўляліся першыя сапраўдныя сябры, планаваліся разнастайныя прыгоды, пра якія і праз дзесяцігоддзі  ўсе ўдзельнікі ўспамінаюць з задавальненнем. Таму  не знікае жаданне сустрэцца са сваімі аднакласнікамі, яшчэ раз вярнуцца ў дзяцінства нават і праз пяцьдзясят гадоў пасля заканчэння школы. Менавіта такіх, залатых юбіляраў, віталі  ў Блужскім вучэбна-педагагічным  комплексе дзіцячы сад-базавая школа і  Пухавіцкай сярэдняй школе. У Рудзенскай і  Праўдзінскай сярэдніх школах  самымі  старэйшымі  юбілярамі сталі выпускнікі, якія  скончылі школу 45 гадоў таму.

 Падарунак ад  выпускнікоў

У сярэдняй школе №3 горада Мар’іна Горка   самымі дружнымі аказаліся выпускнікі, якія скончылі школу 45 гадоў таму, у 1974 годзе.  Сярод  іх нямала цікавых людзей, якім ёсць што расказаць і  сваім былым аднакласнікам,  і сённяшнім вучням. У іх ліку і кандыдат геолага-мінералагічных навук, дацэнт кафедры рэгіянальнай геалогіі геаграфічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта  Ларыса Мурашка.  Яна скончыла школу з залатым  медалём,  затым геаграфічны факультэт БДУ, дзе працуе і зараз. Ларыса Іванаўна  аўтар больш за 200 навуковых прац, у тым ліку 14 манаграфій і вучэбных дапаможнікаў,  геалагічных  карт  з  Нацыянальнага атласа Рэспублікі Беларусь  і  Атласа настаўніка. Выпускнікі 1974 года з падзякай успаміналі школьныя  гады. І  каб падтрымаць родную школу, паспрыяць больш якаснай  адукацыі і выхаванню сённяшніх вучняў, яны падарылі  школе акустычную сістэму  для   кабінета, у  якім  створаны цэнтр бяспекі.

Настаўнікаў  віталі  апладысментамі

Большасць выпускнікоў,  якія  30 гадоў таму скончылі сярэднюю школу №4 горада Мар’іна Горка, менавіта сюды прывялі вучыцца і сваіх дзяцей. Таму аб патрэбах установы адукацыі  яны ведаюць добра.  Вучні школы актыўна ўдзельнічаюць у разнастайных  навуковых і творчых  конкурсах.  А работы патрэбна  не толькі   дастойна выканаць, але і аформіць. Таму былыя выпускнікі, сённяшнія  бацькі, вырашылі падарыць школе брашуратар-пераплётчык, каб часткова зняць праблему з афармленнем разнастайных матэрыялаў.  Яны шчыра жадаюць, каб іх родная школа была сярод лепшых у раёне, а вучні мелі магчымасць на роўных спаборнічаць са сваімі аднагодкамі нават на ўзроўні рэспублікі.

Падчас вечара сустрэчы з выпускнікамі  размова ішла і аб сённяшніх справах школы, і аб яе мінулым. Удзельнікі мерапрыемства з падзякай успаміналі настаўнікаў, што працавалі ў школе ў розныя гады. Яны шчырымі апладысментамі віталі былых класных кіраўнікоў  юбілейных выпускаў. Уся зала стоячы апладыравала Зінаідзе Мікалаеўне Шчарбаковай і Валянціне Міхайлаўне Кухарчык,  якія атрымалі падзяку ад Галоўнага ўпраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама. Гэта менавіта яны 30 гадоў таму выпусцілі ў самастойнае жыццё свае класы, у якіх, як паказаў час, выхавалі шчырых і неабыякавых да спраў роднай школы людзей.

Дружным  класам

У свае бесклапотныя школьныя гады ў мінулую суботу вярнуліся выпускнікі Дубраўскай сярэдняй школы. На вечар сустрэчы сабраліся не толькі юбілейныя выпускі, але і тыя, каму да круглых лічбаў не хапае некалькі гадоў. На свята запрасілі ветэранаў педагагічнай працы. Цяперашнія вучні і  настаўнікі  падрыхтавалі  канцэртную  праграму,  арганізавалі фотазону  і  дасталі  архіўныя  фотаздымкі.

Самыя старэйшыя выпускнікі, якія   атрымалі  атэстаты  ў  1994  годзе, асабліва былі рады сустрэчы з  класным кіраўніком Аляксандрам Бяляевым. Радасна, што многія   з іх  звязалі  сваё  жыццё са  школай.  На  сустрэчу  з адна-класнікамі праз  25  гадоў прыйшла Аксана Агейчык, работнік   тэхнічнага персаналу.

Усё тым жа дружным класам на сцэну выйшлі выпускнікі 1999 года, сярод якіх і настаўнік пачатковых класаў Дубраўскай школы Наталля Паўлоўская. Гады, здаецца, нічога не змянілі: іх першая настаўніца Марына Прымак і цяпер працуе ў школе, класны кіраўнік Марына Аляксандрава таксама прыйшла на вечар сустрэчы. У школе назіраецца сувязь пакаленняў: у будучым годзе  дачка Наталлі Паўлоўскай стане першакласніцай, і такіх прыкладаў шмат.

Выпускнікі 2018 года падзякавалі настаўнікам за іх працу і выступілі з музыкальным нумарам.

Прыемны  сюрпрыз

У Пярэжырскай сярэдняй школе імя А. Гурыновіча таксама прайшла канцэртная праграма. Найбольш арганізаванымі аказаліся выпуснікі 2014, 1989 і 1974  гадоў.  На  сустрэчу  з аднакласнікамі праз 30  гадоў  прыйшлі цяперашні намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алена Міраненка  і   настаўніца   Зазерскай сярэдняй школы Аксана Сіняўская. Падзякі за працу падчас  свята  атрымалі   педагогі-ветэраны Тамара Карнеева,   Людміла Рунец, Алена Івановіч.

Прыемны сюрпрыз калектыву школы падрыхтаваў выпускнік Віктар Лаўрусенка, які скончыў школу 45 гадоў таму. Ён не змог прысутнічаць на свяце, але ў якасці  падарунка перадаў праз брата ноўтбук.

Наталля   ПАРХОМЧЫК.

Кацярына   ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *