У Пухавіцкім раёне прайшлі мерапрыемствы  ў  памяць аб ахвярах Халакоста

У міжнародным календары памятных дат ёсць нямала такіх, што звязаны з падзеямі Другой сусветнай вайны. Сярод іх Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакоста, які адзначаецца 27 студзеня, і Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх  канцлагераў — 11 красавіка.  Для ўдзельнікаў хору былых  малалетніх вязняў фашызму  “Лёсы”,  сустрэча з якімі адбылася ў сярэдняй школе № 2 горада Мар’іна Горка,   гэта не проста даты, а частка іх жыцця.  У зусім раннім дзяцінстве ім было наканавана перажыць усе жахі вайны, бо  тое, што адбывалася ў гета і фашысцкіх канцлагерах, у прамым сэнсе  можна назваць пеклам.

Хор «Лёсы» быў створаны ў 2004 годзе жыхарамі Мінска. З таго часу яго ўдзельнікі правялі шмат канцэртаў, сустрэч не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Яны пабывалі ў Расіі, Германіі, Чэхіі, Фінляндыі, Казахстане, Аўстрыі  і іншых краінах Еўропы і Азіі. І ўсюды расказвалі   аб тым,  як гэта  —  глядзець  на  свет  дзіцячымі  вачыма з-за  калючага  дроту.

У 2015 годзе да 70-годдзя  з Дня Перамогі  калектыў распрацаваў праект «Не  фашызму! Дзяцінства без вайны!».  Ён дзейнічае ўжо пяты  год і застаецца актуальным. У межах гэтага праекта з’явіўся і міжнародны  маршрут  “Залатое кальцо памяці”.

У  гэтым годзе хор атрымаў Спецыяльную  прэмію  Прэзідэнта  Рэспублікі  БеларусьВысокай  узнагароды  ён удастоены «за  значныя дасягненні ў справе захавання  памяці  аб Вялікай Айчыннай  вайне,  патрыятычнае выхаванне моладзі, годнае прадстаўленне  Рэспублікі Беларусь падчас правядзення акцыі  «Не фашызму! Дзяцінства без вайны!», гаворыцца  ва  ўказе  кіраўніка  дзяржавы.

У дні, калі ў нашай краіне ўспаміналі ахвяр Халакоста, легендарны калектыў правёў урок мужнасці  ў  сярэдняй   школе  №2  горада   Мар’іна   Горка.   Ідэя   такой  сустрэчы належыць кіраўніку  хора Галіне Змушка. Яе падтрымалі ў Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна,  дзе  рэалізуецца праект «Дыялог трох пакаленняў», а ў  гэтыя  дні  прайшло нямала  мерапрыемстваў  у  памяць аб ахвярах Халакоста.

У Мар’інай Горцы госці спачатку наведалі мастацкую галерэю раённага краязнаўчага музея. Яе дырэктар Аляксандр Прановіч расказаў аб тым, колькі ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі нашага раёна загінула грамадзян яўрэйскай нацыянальнасці. Выставу на гэтую тэму супрацоўнікі музея падрыхтавалі і для школы.

Падчас сустрэчы   з вучнямі і настаўнікамі са сцэны прагучалі патрыятычныя песні, вершы на тэму “Дзяцінства і вайна”, аўтарам якіх з’яўляецца мастацкі кіраўнік калектыву Людміла Бурдыка.  І самае  галоўнае   — успаміны. Удзельнікі калектыву пачалі сваё выступленне з  пераклічкі:  “Я — Жэня Дзегцярова, тры гады, канцлагер  Зайфельд-Зале,  Германія”.  “Я — Дзіна Качан, тры гады, канцлагер Азарычы”. “Я — Тамара Папова, 900 дзён у блакадным Ленінградзе”. “Я — Мая  Макарчанка, тры гады, Беларусь, акупацыя”. “Я — Яўген Стасевіч, 13 гадоў, канцлагер Грос-Розен, Германія”.

Кіраўнік калектыву Галіна Змушка амаль тысячу дзён  знаходзілася ў фінскім лагеры на тэрыторыі Карэліі разам з маці, двума братамі і сястрой. Ёй было тры гады.  Ганна Доўнар расказала, як пяцігадовай дзяўчынкай апынулася ў канцэнтрацыйным лагеры Азарычы. Гэта страшнае месца праіснавала меней двух тыдняў, але на міжнародным узроўні лагер прызнаны адным з самых  жудасных  у  Еўропе. У сакавіку  1944  года  фашысты   сагналі каля 50 тысяч чалавек мірных жыхароў  з прыфрантавой паласы на балота, дзе трымалі іх  без даху над галавой, не кармілі, і ў дадатак да ўсяго заразілі тыфам. Акупанты разлічвалі, што салдаты з наступаючых савецкіх злучэнняў, сустрэўшыся з гэтымі людзьмі,  таксама пачнуць хварэць. За той час, што існаваў лагер, у ім памерла  каля  20  тысяч чалавек.  Але Ганне  Доўнар  пашчасціла  выжыць.

Госці   таксама  падрыхтавалі фільм пра Асвенцым, які стаў сапраўднай фабрыкай смерці.

Удзел у мерапрыемстве прымалі і пухавіччане, для якіх тэма  сустрэчы з’яўляецца вельмі блізкай.  Мікалай Гурын  у гады Вялікай Айчыннай вайны быў вывезены на прымусовыя работы ў Германію. У апошнія гады ён шмат займаўся грамадскай працай, стаў складальнікам сямі кніг “Пухавіччына памятае”,  у якіх сабраны ўспаміны нашых землякоў аб вайне.

Краязнаўца Барыс Муха цесна супрацоўнічае з Гістарычнай майстэрняй імя Леаніда Левіна. Ён расказаў аб мерапрыемствах, якія  праходзяць там у гэтыя дні. Дарэчы, 25 студзеня ў межах праекту «Дыялог трох пакаленняў» адбылася сустрэча  пад знакам Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакоста. Яе ўдзельнікі  вялі размову пра трагічныя месцы ваенных падзей менавіта ў  Беларусі.  Успомнілі яны і пра дзіцячы лагер у вёсцы Скобраўка на тэрыторыі нашага раёна.  А таксама пра тое, што жыхары вёскі Парэчча выратавалі сорак дзяцей з мінскага гета, сярод якіх была і Мая Крапіна. У мінулым годзе яна пайшла з жыцця, і шэраг мерапрыемстваў, што праходзілі ў гэтыя дні ў Мінску, былі прысвечаны яе памяці.

Пасля завяршэння сустрэчы ў школе госці і вучні  наведалі  аграгарадок Пухавічы, дзе ўсклалі кветкі да помніка ахвярам фашызму, пабывалі каля знака, усталяванага ў памяць аб дзецях вайны. У арганізацыі гэтай  часткі  мерапрыемства  дапамогу аказала ААТ “Пухавічынафтапрадукт”, якое выдзеліла транспарт. На развітанне дырэктар школы Дзіна Паўлава выказала спадзяванне, што ветэраны яшчэ не раз сустрэнуцца з вучнямі і настаўнікамі. Дыялог трох пакаленняў будзе працягвацца.

Наталля  ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *