У гаспадарках Пухавіцкага раёна праводзіцца тэхагляд тэхнікі

Ягор Ганчарык і Сяргей Шарамет правяраюць дакументы ў механізатара Андрэя Булгака (злева).

Акуратна пастаўленая ў дзве шарэнгі тэхніка, механізатары, якія правяралі ў кішэнях неабходныя дакументы, і інжынерная служба са спісам сельгасмашын. Такую карціну мы з дзяржаўным інжынерам-інспектарам Дзяржтэхнагляду Ягорам Ганчарыкам убачылі ў сераду на мехдвары сельгасфіліяла “Чырвоны Май” ААТ “Мінскі завод пеністых він”. Адразу стала зразумела: да запланаванага тэхагляду ў гаспадарцы рыхтаваліся.

Спачатку праверка вадзіцельскага пасведчання, талона, медыцынскай даведкі, страхавога поліса і іншых дакументаў, пасля механізатары садзіліся на звыклае вадзіцельскае месца. Асабліва пільную ўвагу прадстаўнік Дзяржтэхнагляду звяртаў на работу светлавога абсталявання, рулявога ўпраўлення і тармазоў. Гэта важнейшыя складнікі бяспекі падчас дарожнага руху.

Інжынерная служба і механізатары гаспадаркі гэтае простае правіла разумеюць, таму да падрыхтоўкі сельгасмашын аднесліся з усёй адказнасцю. Работы ў мехмайстэрнях пачаліся яшчэ ў снежні. Да тэхагляду ў сельгасфіліяле прадставілі пяць прычэпаў,  шаснаццаць трактароў, сярод якіх чатыры энерганасычаныя, і два пагрузчыка. Адзнаку “тэхагляд пройдзены” атрымалі ўсе пагрузчыкі, трактары і тры прычэпы.

— Тэхніка павінна быць у рабочым стане  заўсёды, мы самі зацікаўлены ў тым, каб як мага хутчэй прайсці тэхагляд, — адзначае галоўны інжынер Сяргей Шарамет. — Напярэдадні зроблена нямала.  У адным трактары трэба было зрабіць капітальны рамонт рухавіка. На большасці трактароў і прычэпаў замянілі гуму. Усе сельгасмашыны забяспечаны аптэчкамі, вогнетушыцелямі і знакамі аварыйнага прыпынку.  Падчас тэхагляду не апошнюю ролю адыгрывае знешні выгляд тэхнікі, таму мы пафарбавалі ўсе трактары.

У цэлым машынна-трактарны парк у гаспадарцы ўжо не малады. Сярод новай тэхнікі ў сельгасфіліяле —  пагрузчык “Амкадор 352с-02” і два трактары “Беларус-82.1”.  Аднак падчас палявых работ асноўная нагрузка прыпадае на энерганасычаную тэхніку. Самы малады энерганасычаны трактар з’явіўся ў сельгасфіліяле ў 2015 годзе.

З праходжаннем тэхагляду клопатаў у механізатараў не паменшылася. У мехмайстэрнях працягваецца рамонт тэхнікі. Трактары, прычэпы і пагрузчык, якія не былі прадстаўлены для праходжання тэхагляду альбо не прайшлі  экзамен з першага разу, атрымаюць другі шанец. Дарэчы, такая магчымасць будзе ва ўсіх гаспадарках пасля 22 лютага.

Напярэдадні тэхагляд праходзіў у ААТ “Шацк” і  “Суцінскі”.  Да экзамену ў гэтых сельгаспрадпрыемствах не падрыхтаваліся. У сельгасфіліяле “Дрычын” сітуацыя складваецца крыху лепей. З васямнаццаці трактароў да ўдзелу ў дарожным руху з першага разу дапушчана сем, з пяці пагрузчыкаў — два.

Кацярына   ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *