Установы адукацыі Пухавіцкага раёна амаль на 100 працэнтаў забяспечаны лыжамі

Каб выйсці на лыжню, пухавіцкім школьнікам цяпер патрэбна толькі добрае снежнае надвор’е, бо з інвентаром праблемы ўжо не павінна ўзнікнуць: за апошнія гады ўстановы адукацыі амаль на 100 працэнтаў былі забяспечаны лыжамі.

— У гэтым годзе мы перадалі ў школы і ў цэнтр турызму дзяцей і моладзі 58 пар лыж, — расказвае начальнік упраўлення па адукацыі, спорце  і турызме райвыканкама Сяргей Усік па дарозе ў Дружны, куды ён прыехаў, каб такі ж падарунак зрабіць самай вялікай па колькасці навучэнцаў школе. — Дзякуючы падтрымцы Мінскага абласнога выканаўчага камітэта былі набыты яшчэ 60 пар лыж. Мы вельмі ўдзячны за такую падтрымку.  Лыжы  перадаем дружненскім дзецям. Думаю, што зіма яшчэ дасць шанец абкатаць падарунак.

Магчымасць праводзіць урокі па фізічнай падрыхтоўцы не ў зале, а на лыжні адразу адбілася  на выніках. Калі ў мінулым годзе нашы каманды на абласных спаборніцтвах “Снежны снайпер” не падняліся вышэй за 17-е месца, то ў гэтым адна з каманд стала шостай. Сяргей Іванавіч упэўнены, што хутка ў нас будуць і чэмпіёны. Тым больш, што цяпер зборную каманду трэніруе чалавек, які прафесійна займаўся лыжным спортам.

Алена  ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *