У Пухавіцкім раёне праходзіць чэмпіянат па валейболе

У “фінал чатырох”  у  гэтым   годзе  трапяць чатыры мацнейшыя   каманды-ўдзельніцы раённага першынства па валейболе, якое стала найбольш прадстаўнічым за апошнія гады.

— Сёлета ў чэмпіянаце раёна, арганізатарамі якога з’яўляюцца ўпраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама і ФАЦ “Вікторыя”, прымаюць удзел 7 каманд, якія прадстаўляюць арганізацыі і прадпрыемствы Пухавіччыны,— расказвае галоўны суддзя спаборніцтваў Андрэй Міцкус.—  Турнір сапраўды стаў больш прадстаўнічым і цікавым, таму што праводзіцца не так, як раней:  за два выхадныя дні. Цяпер валейбольныя баталіі доўжацца з восені да вясны. Каманды сфарміраваны змешаныя: па чатыры мужчыны і дзве жанчыны. Матывацыі хапае ва ўсіх. Кожны імкнецца набраць максімум балаў, каб трапіць у фінальную стадыю, дзе чатыры лепшыя каманды і высветляць, хто ж мацнейшы.

Каманда ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Пухавіцкага райвыканкама.

Ужо завяршыліся гульні першага круга. Па яго выніках лепшымі сталі валейбалісты  з каманды ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама. Канкурэнты іх таксама маюць добрыя паказчыкі. Добра гуляюць валейбалісты ЗАТ “Август-Бел”, каманды вайскоўцаў,   камунальнікаў,  аграрна-тэхнічнага каледжа, ААТ “Рудзенск”,  прадпрыемства “МосБелСтрой”. Прыемна, што змагаліся за перамогу і прадстаўнікі сельскагаспадарчай арганізацыі: каманду “Вецярэвічы” арганізаваў і трэніраваў  Міхаіл Герасімёнак.

Гульні другога круга ўжо стартавалі. Яны праходзяць у спартыўных залах ФАЦ “Вікторыя”, Мар’інагорскай гімназіі, каледжа,  у Дубраўцы, Свіслачы. Таму балельшчыкаў чакаюць паўсюль. Фіналы абяцаюць быць вельмі цікавымі, таму што стаць пераможцамі імкнуцца ўсе. І шанцы ёсць  у кожнага.

Алена  ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *