У Пухавіцкім раёне на МТФ “Пярэжыр” нарадзілася тройня

Тэхнік-асемянатар Ганна Шаўцова з тройняй.

— Адзін, другі, трэці. Вось і галоўныя віноўнікі вашага прыезду, —  з усмешкай гаворыць тэхнік-асемянатар малочнатаварнай фермы “Пярэжыр”  ЭБ “Зазер’е” Ганна Шаўцова, паказваючы  на  маленькіх цялятак.  —  Тройня нарадзілася ў нас на мінулым тыдні. Усе — бычкі.  Для  жывёл  такая  з’ява — рэдкасць.

З’яўлення на свет адразу траіх цялят  на  ферме  не  чакалі.  Папярэдняе  УЗІ  паказала, што  ў  кароўкі будзе двойня.  Спачатку так і   было,  але  праз  паўгадзіны  нарадзіўся  трэці  бычок.

Цялятніца Алена Сінкевіч.

Першыя дні работнікі фермы асабліва  перажывалі  за нованароджаных  цялят. Найбольш  клапацілася  Алена  Сінкевіч.   Дваццаць  пяць  гадоў  жанчына  працуе  ў  жывёлагадоўлі,  але з тройняй  сутыкнулася  ўпершыню.

— У бычкоў добры апетыт. Яны ўжо навучыліся самастойна піць.  Паступова  прывучаем іх да камбікорму і кукурузы, — гаворыць  Алена Уладзіміраўна. — Стараюся  забяспечыць ім і астатнім цялятам належны догляд. Цяпер у мяне шэсцьдзясят цялят. Часта іх бывае больш за сотню, але спраўляюся.

Добра  адчувае  сябе  і  маці  цялят.

— Гэтая тройня стала першай у маёй практыцы. А двойні — ужо звыклая з’ява. Толькі ў лютым на нашай ферме нарадзіліся дзве двойні, чакаем яшчэ дзве, — гаворыць тэхнік-асемянатар з дванаццацігадовым   вопытам,  неаднаразовы прызёр раённага   конкурсу прафесійнага майстэрства Ганна Шаўцова.

Сваю прафесію Ганна Міхайлаўна,  можна сказаць, атрымала ў спадчыну.  Яе дзядзька —  прафесар ветэрынарнай медыцыны, займаўся племянной справай. Бабуля была перадавой даяркай. Сёння сын вывучае ветэрынарную  медыцыну  ў каледжы.

Калегі характарызуюць Ганну Міхайлаўну як здольнага і таленавітага спецыяліста, які аддае працы шмат сіл і часу. Усе спадзяюцца, што гэтая тройня бычкоў — не апошняя тройня  ў гаспадарцы.

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *