У СШ №2 горада Мар’іна Горка рэалізавалі па-сапраўднаму эксклюзіўны праект «Горад майго дзяцінства»
У сярэдняй школе №2 горада Мар’іна Горка рэалізавалі па—сапраўднаму эксклюзіўны праект. «Горад майго дзяцінства» — так называлася выстава, якую падрыхтавала настаўніца гісторыі Ларыса Алейнік.
Ідэя паказаць праз фотаздымкі, якім быў наш горад і якім стаў, у Ларысы Валянцінаўны ўзнікла даўно. Ужо некалькі гадоў яна з дапамогай сваіх вучняў збірае віды Мар’інай Горкі ў розныя перыяды часу, а таксама вывучае гісторыю вуліц, разнастайных будынкаў. Напрыклад, Ларыса Валянцінаўна расказала, што плошча, якую мы называем проста прывакзальнай, некалі мела свае найменне — Плошча Кастрычніка. І ў пасляваенныя гады на ёй узвышаўся помнік Сталіну. Якім ён быў, сёння можна пабачыць на фотаздымку, што захаваўся ў хатнім архіве жыхаркі горада Ірыны Прановіч. Цяпер копія гэтага ўнікальнага фотаздымка ёсць і ў школьных архівах. Зусім нядаўна Ларысе Валянцінаўне ўдалося знайсці фотаздымак будынка школы, які ў 1943 годзе зрабіў нехта з нямецкіх салдат. У сямейным архіве выпускніцы школы Вікі Лаўруковіч захавалася калектыўнае фота будаўнікоў Шухаўскай вежы, якая ўзвышалася недалёка ад чыгуначнага вакзала. А побач іншае фотасведчанне: вежу руйнуюць.
Першы будынак раённага камбіната бытавога абслугоўвання, будаўніцтва Дома культуры і сквер перад ім… Цікавыя фотаздымкі ваенных парадаў, што праходзілі ў Мар’інай Горцы ў розныя гады. А яшчэ краявіды горада ў розныя поры года.
У кожнага з нас быў свой горад дзяцінства. Ён зберагаецца ў памяці і на старых фотаздымках. Яны раскіданы па дамашніх архівах. Цудоўна было б сабраць іх і выдаць альбом. Ларыса Алейнік са сваімі вучнямі першыя крокі да гэтага ўжо зрабіла.
Наталля БАБУК.