У камунальнай гаспадарцы Пухавіцкага раёна працуюць зацікаўленыя людзі

Віктар Палыгалаў.

Віктар Палыгалаў, начальнік рамонтна-механічнага ўчастка УП «Жылцепласэрвіс» КГ, ужо больш за 25 гадоў працуе ў камунальнай сферы.  Такое пастаянства — рыса характару: не з тых людзей Віктар Уладзіміравіч, хто ў пошуках лепшых умоў будзе бясконца мяняць месца працы.

Тут табе знаёмыя не толькі людзі, але і кожны вінцік, кожны кавалачак металу, якія сёння, здаецца, без патрэбы займаюць месца і ствараюць нават нейкі хаос, а заўтра   абавязкова спатрэбяцца, таму што пералічыць усе віды рамонтных работ, якія выконваюцца на ўчастку, не так проста.

Сярод іх, па словах Віктара Палыгалава, ёсць проста вельмі важныя, вытворча неабходныя, а ёсць тыя, вынікам якіх можна нават ганарыцца.  Вось, напрыклад, галоўная раённая навагодняя ёлка была выраблена менавіта на рамонтна-механічным участку камунальнага прадпрыемства.  Месяц спатрэбіўся для таго, каб каркас атрымаўся правільным, надзейным і, галоўнае, разборным.

Рукамі Віктара Уладзіміравіча і яго калег выраблены і іншыя малыя архітэктурныя формы, якія радуюць вока пухавіччан у Дружным, Свіслачы, Рудзенску і Мар’інай Горцы.

Гэта кованыя лаўкі, кветачніцы, аркі, дэкаратыўныя масткі для паркавых зон. Ва ўсе гэтыя вырабы ўкладзены і фантазія, і жаданне бачыць населеныя  пункты   нашага раёна прыгожымі.

Міхаіл Верамейчык.

Знайсці начальніка рамонтна-механічнага ўчастка ў кабінеце ў мяне не атрымалася: разам з калегамі ён быў заняты тэрміновай працай.

— Ідзе ацяпляльны сезон, а тут абсталяванне катлоў дало збоі,— кажа Віктар Уладзіміравіч, адарваўшыся ад работы. — Трэба як мага хутчэй адрамантаваць.

Менавіта тэрміновасць рамонту, а таксама магчымасць эканоміць уласныя сродкі прадпрыемства, не звяртаючыся да старонніх спецыялістаў і выконваючы рамонт уласнымі сіламі, сталі прычынай таго, што такі ўчастак быў створаны. У штаце сёння толькі чатыры спецыялісты: акрамя Віктара Палыгалава, працуюць  брыгадзір Юрый Ліпавенка, токар Міхаіл Верамейчык, электрагазазваршчык Павел  Кулікоўскі  і  слесар-рамонтнік Сяргей Ціхановіч.

— Помпы, засаўкі, іншыя элементы абсталявання кацельняў, вода- і цепласетак, нават запчасткі для аўтамабіляў  —  гэта тое з намі адрамантаванага, што ніхто не пабачыць, —  кажа Віктар Палыгалаў. —  Але наша задача якраз у тым  і  заключаецца, каб людзі не заўважылі  паломак. А вось тое, што мы  робім  для  добраўпарадкавання,   прыносіць  нам самім   асаблівую асалоду.

Юрый Ліпавенка.

З радасцю спецыялісты ўчастка дапамагалі ствараць Алею Закаханых у Рудзенску,  добраўпарадкаваць вуліцы Свіслачы і Дружнага.

Ужо “набілі  руку” на  вырабе   металічнай  агароджы, якая выглядае больш сучасна, чым  з  жалезабетону, і, да таго ж, больш даўгавечная.

— Апошняе наша дасягненне — каркас  з металапрофіля і сеткі  для  навагодняй ёлкі,— працягвае Віктар Уладзіміравіч.  —  Раней за ўсіх адмовіцца ад пошуку натуральных елак вырашылі ў Рудзенску, дзе па ініцыятыве нашага работніка  Аляксандра Якубовіча змайстравалі першы каркас. Потым ужо ў Дружным і Свіслачы з’явіліся зборныя  елкі.  Дайшла  чарга і  да  галоўнай.  Нам  спатрэбілася зрабіць яе каркас разборным, каб можна было транспарціраваць. І гэта атрымалася. На мой погляд, елка  была  прыгожай.

Хутка зіма саступіць вясне. Для камунальнікаў распачнецца новы сезон па добраўпарадкаванні населеных пунктаў. І без ўдзелу работнікаў  з   рамонтна-механічнага  ўчастка гэта зараз не ўяўляецца магчымым. Добра, што тут працуюць зацікаўленыя людзі.

Алена  ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *