Вучаніца Голацкага НПК дзіцячы сад-СШ атрымала прыз сімпатыі гледачоў

У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа падвялі вынікі рэспубліканскага конкурсу для школьнікаў “У словах-вобразах, песнях вольнаплынных…”.  Ён  быў  прымеркаваны  да  100-годдзя першага выдання паэмы Я. Коласа “Сымон-музыка”  і  95-годдзя паэмы “Новая зямля”. У творчым спаборніцтве прымалі ўдзел вучні ўсёй Беларусі. Яны даслалі больш за  1670 работ.  Сярод  лепшых  аказаўся   малюнак вучаніцы Голацкага НПК дзіцячы сад-СШ  Дар’і  Юцовай (на здымку).

Ідэя прыняць удзел у конкурсе належала  настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Антаніне  Макаравай.

— Антаніна Аляксандраўна — настаўніца вышэйшай катэгорыі. Выкладае свой прадмет на высокім прафесійным узроўні, стараецца зацікавіць дзяцей роднай мовай і літаратурай, прывіць любоў да роднага краю, паказаць прыгажосць, мілагучнасць беларускага слова, — гаворыць дырэктар школы Вольга Сулім. — Вучні заўсёды з ахвотаю ўдзельнічаюць у розных конкурсах, віктарынах. Вось і на гэты раз творчыя работы Дар’і Юцовай  прынеслі асабіста ёй і школе чарговую перамогу. Адзначаны быў малюнак “Сымон-музыка”.

Урачыстае ўзнагароджванне адбылося ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Даша атрымала прыз сімпатыі гледачоў і падзяку за сваю работу. Акрамя таго, яе работа ўвойдзе ў фонд бібліятэкі, а зараз яна яшчэ знаходзіцца на часовай экспазіцыі ў музеі Якуба Коласа.

Алена  ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *