Вынік залежыць ад зладжанай працы

Вікторыя Сідлерава і Вольга Клястова.

“Добрыя людзі”,  — менавіта так работнікаў ДМБ “Ямнае” ахарактарызаваў дырэктар ААТ “Вецярэвічы” Аляксандр Заяц. “Добры калектыў”,  — дадала загадчык ДМБ Наталля Меркуль.  Комплекс яна ўзначальвае чатыры гады, а наогул у гаспадарцы  працуе значна больш, таму і кожнага  свайго работніка ведае.  І давярае, бо без гэтага ў рабоце ніяк.

На комплексе працуе 13 чалавек. Даглядаюць яны 500 галоў дарослага статку, з якіх 364 — дойныя каровы, і 106 цялят.  Вядомая ісціна: ад  клопату, што праяўляе чалавек, залежыць здароўе жывёлы, а, значыць, надоі і прывагі.

Наталля Меркуль.

Пра асноўныя  паказчыкі дзейнасці Наталля Чаславаўна расказвала не з дапамогай лічбаў, а праз свае эмоцыі і пачуцці. Яна прызналася, што дасягненні апошняга месяца мінулага года яе радавалі больш, чым тое, што ёсць на сённяшні дзень. Але гэта жыццё, і раз на раз не прыходзіцца. Тым больш, што працуюць жывёлаводы з жывымі істотамі, у якіх таксама і настрой мяняецца, і стан здароўя, і стрэсы бываюць. І важна ўсё гэта своечасова заўважыць і зразумець, каб правільна рэагаваць і выправіць сітуацыю.  І работнікі ДМБ стараюцца. Кожны на сваім месцы.

Галоўны абавязак аператара машыннага даення Вольгі Клястовай —  раздой першацёлак. Яна прывучае іх да апаратаў, бо не ўсе маладыя жывёлы, якія толькі пачалі даваць малако, успрымаюць спакойна тэхніку, што замяняе рукі чалавека. Таму аператару машыннага даення, які займаецца такой справай, трэба думаць, як зрабіць так, каб працэс даення  не выклікаў у жывёлы стрэс.  Вольга Клястова — жывёлавод вопытны, у гаспадарцы  працуе ўжо 20 гадоў, а  канкрэтна  на цяперашнім участку — год з паловай.  200 першацёлак, якія зараз у складзе асноўнага дойнага статку, радуюць добрымі надоямі.

Вікторыя Сідлерава  працуе цялятніцай, і ад яе клапатлівых рук залежыць, як падрастае маладняк. Так склаліся абставіны, што на комплекс Вікторыя Алегаўна прыйшла пасля працы ў  дзіцячым садку. Прызналася, што першы час было вельмі складана, а зараз ужо можа шчыра сказаць: справа, якой займаецца, ёй па душы.

Для любога чалавека важна, каб яго намаганні на працоўным месцы  былі заўважаны. На гэта, дарэчы, накіравана рэспубліканская прафсаюзная акцыя “Наш жывёлавод”, якая зараз праходзіць у раёне. На мінулым тыдні  ДМБ “Ямнае” з прыемнай місіяй наведалі намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Ласевіч і старшыня раённага камітэта прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага ком-плексу Людміла Ленкавец. Ад іх  жывёлаводы пачулі шмат цёплых слоў, а лепшыя  з работнікаў ДМБ атрымалі граматы і падарункі. Сярод узнагароджаных былі Вольга Клястова і Вікторыя Сідлерава, а таксама слесар Фёдар Прымак і вартаўнік Анатоль Катлінскі.

Наталля  ВАСІЛЬЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *