Рэспубліканская акцыя “Наш жывёлавод” прайшла ў сельгасфіліяле “Светлая ніва”
Рэспубліканская акцыя “Наш жывёлавод” прайшла на мінулым тыдні ў сельгасфіліяле “Светлая ніва”.
Калі мы пад’язджалі на МТФ “Вясёлае”, нас апярэдзіў малакавоз. Гэта значыла, што ранішняя дойка на ферме кончылася.
— Так, ужо збіраемся дадому. Увечары прыйдзем зноў на ферму, — гаворыць аператар машыннага даення Любоў Сітнік. — Працуем утраіх. Двойчы на дзень доім каля трохсот каровак.
Любоў Аляксандраўна на гэтай ферме пяты год. Але вопыт у жывёлагадоўлі мае значна большы: раней працавала ў іншай гаспадарцы. Калі там ферму закрылі, уладкавалася ў сельгасфіліял. Са Скобраўкі да Вясёлага яе падвозіць службовая машына.
— Са звычайнай фермы трапіла на даільна-малочны блок. Спачатку было складана, але паступова прывыкла, бо тут добры калектыў. А гэта, як вядома, значна ўплывае на ўвесь працэс, — працягвае субяседніца.
Згуртаванасць калектыву падкрэсліў таксама Яўген Белавусаў. На ферме ён другі год. Даглядае 99 цялят ад трох месяцаў.
— Гэта яшчэ нямнога. Неяк даглядаў аж 205 цялят, — гаворыць Яўген Мікалаевіч. — Для жывёлы галоўнае — кармы. Сенам, сенажом і ўсім неабходным мы забяспечаны. Мой надзейны памочнік — конік, які дапамае падвозіць кармы.
У жывёлавода Аляксандра Хонскага працоўны дзень пачынаецца з самай раніцы і доўжыцца да позняга вечара. Па такім раскладзе працуе ўжо чацвёрты год, калі перайшоў з суседняй МТФ “Станкі”.
— Працы хапае заўсёды. У пастаянных клопатах і дзень незаўважна праходзіць, — падкрэсліў Аляксандр Аляксандравіч.
Гэтыя работнікі МТФ “Вясёлае” сталі ўдзельнікамі рэспубліканскай прафсаюзнай акцыі “Наш жывёлавод”. Сярод калектыву МТФ “Станкі” падзякі і падарункі атрымалі жывёлавод Мікалай Юрчонак, аператары машыннага даення Тамара Сіняўская і Ірына Альвінская. Да цырымоніі ўзнагароджання лепшых жывёлаводаў, якую праводзіла старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Людміла Ленкавец, далучыўся і прафсаюзны камітэт гаспадаркі.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.