Вучні Мар’інагорскай гімназіі сталі членамі грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”

Дзевяцікласніца Мар’інагорскай гімназіі Віялета Шаржановіч і яе сябры ў Дзень Канстытуцыі сталі членамі БРСМ.

25 гадоў таму 15 сакавіка 1994 года на 13-й сесіі Вярхоўнага савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання прынялі асноўны закон нашай краіны — першую для суверэннай Беларусі Канстытуцыю. Гэты дакумент абвясціў Беларусь унітарнай дэмакратычнай дзяржавай. Канстытуцыя ўводзіла ў краіне прэзідэнцкую форму праўлення і гарантавала кожнаму грамадзяніну свабоды і правы, неабходныя для стваральнай працы, годнага жыцця і гарманічнага ўсебаковага развіцця асобы.

— Аб усім гэтым, як і аб значнасці Канстытуцыі, яе ролі ў развіцці дзяржавы, у абароне правоў і свабод грамадзян Беларусі мы традыцыйна гаворым са школьнікамі падчас правядзення акцый «Мы грамадзяне Рэспублікі Беларусь», — расказвае намеснік дырэктара Мар’інагорскай гімназіі Марына Лосік. — У дзень дзяржаўнага свята па традыцыі нашы гімназісты ва ўрачыстай абстаноўцы атрымліваюць галоўны ў жыцці дакумент — пашпарт, а таксама папаўняюць рады членаў грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі». У гэтым годзе, напрыклад, 44 вучні сталі членамі самага масавага маладзёжнага руху краіны. Мне хочацца верыць, што маладыя людзі знойдуць магчымасць для прымянення сваёй маладой энергіі: яны пашыраць свой круг зносін, рэалізуюць свае магчымасці, творчы патэнцыял, будуць прымаць актыўны ўдзел у вырашэнні важных пытанняў і зробяць сваё жыццё ярчэй і цікавей…
Алена ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *