У Пухавіцкім раёне сяўба набірае тэмп
Штодзень у сярэднім па 50 засеяных гектараў дадаюць на свой рахунак сейбіты сельгасарганізацый раёна. У большасці гаспадарак на палетках працуюць па два пасяўныя агрэгаты. Лідарамі на вясенняй сяўбе з’яўляюцца ААТ “Зазерка”, “Племянны завод “Індустрыя”, СУП “Дукора-Агра” і сельгасфіліял “Дрычын”.
Пасяўную кампанію гаспадаркі ў асноўным пачалі з сяўбы аўса. Гэтая культура зойме 1490 гектараў. Пад ячмень у раёне адведзена 6540 гектараў, пад пшаніцу — 3100 гектараў. Восем сельгасарганізацый ужо пачалі сеяць зернебабовыя культуры. Яны будуць расці на 1300 гектарах.
Вясна дадала клопатаў не толькі сейбітам. На палях побач з пасяўнымі агрэгатамі працуе і іншая сельскагаспадарчая тэхніка. Земляробы працягваюць ворыва, закрыццё вільгаці і падрыхтоўку глебы, унясенне арганікі, азотных і фосфарных удабрэнняў.
Азімыя збожжавыя культуры ў цэлым перазімавалі нядрэнна. Гаспадаркі ужо завяршылі іх першую падкормку. На чарзе — азімы рапс. Падкормку гэтай расліны азотнымі ўдабрэннямі ўжо пачалі ААТ “Зазерка”, ААТ “Шацк”, ПСУ “Рудзенскае” і ААТ “Племянны завод “Індустрыя”.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.