Аматарскія калектывы Пухавіцкага раёна трымалі экзамен на майстэрства

На сцэне — народны сямейны ансамбль “Жывіца”.

Раз у тры гады ў сферы культуры адбываецца важная падзея: аматарскія калектывы,  якія  носяць  званні “народны “ і  “ўзорны”, пацвярджаюць права так называцца. Гэта своеасаблівы  іспыт на майстэрства. Атрымаць такое званне няпроста:  для гэтага патрэбна адпавядаць  цэламу шэрагу патрабаванняў, якія замацаваны ў Кодэксе аб культуры Рэспублікі Беларусь. І для таго, каб зберагчы ганаровае званне, калектывы павінны пастаянна расці ў творчым плане. 

У нашым раёне на пачатак года налічвалася 23 аматарскія калектывы са званнем “народны” і “ўзорны”.  Яны працуюць пры Дамах культуры, школах мастацтваў. Нядаўна 21 з іх трымалі творчы  экзамен.

Агляд праходзіў на двух пляцоўках: у раённым цэнтры культуры і ў  Дружненскім сельскім Доме культуры. Ацэньвала творчы  ўзровень аматарскіх калектываў камісія, у склад якой увайшлі спецыялісты Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці на чале з яго дырэктарам Ірынай Пазняк. Да абароны кожны калектыў падрыхтаваў праграму на 40 хвілін, з якой члены камісіі для праслухоўвання выбіралі па некалькі нумароў.

На сцэну РЦК выйшлі 11 калектываў.  Першым  выступіў узорны хор “Мара”  Мар’інагорскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Іны Собаль. Па просьбе камісіі юныя вакалісты выканалі пяць твораў. І выклікалі захапленне ў слухачоў. “Вельмі  прафесійна,  інтэлігентна, душэўна”, — такія словы пачулі юныя выканаўцы і іх педагогі пасля заканчэння выступлення ад старшыні камісіі  Ірыны Пазняк.

Толькі станоўчыя адзнакі атрымаў  і яшчэ адзін калектыў з Мар’інагорскай дзіцячай школы мастацтваў — народны ансамбль народных інструментаў “Крыніца”. Асабліва быў адзначаны высокі ўзровень майстэрства яго кіраўніка Андрэя Федзянкова.

Свой  творчы рост прадэманстраваў і народны сямейны  ансамбль “Жывіца” Борскага сельскага Дома культуры. Званне  “народны”  калектыў атрымаў у 2016 годзе. За гэты час, акрамя вакальнай групы, у складзе  ансамбля з’явілася і інструментальная. Атрымалася цікава.  Таму ў адрас кіраўніка калектыву Юрыя Крывашэя прагучала нямала станоўчых водгукаў.

Як заўсёды, дастойна выглядаў народны хор ветэранаў вайны і працы, які зараз працуе пад кіраўніцтвам Галіны Крывашэй.

Члены  камісіі  адзначылі, што вельмі граматна падышлі да сваёй працы кіраўнікі народнага ансамбля “Навасёлачка” Навасёлкаўскага сельскага Дома культуры Валянціна Бобр і народнага ансамбля народнай песні “Мілавіца” Дубраўскага сельскага дома культуры Васіль Мукавозчык. У гэтых калектывах няма “статыстаў”: усе іх удзельнікі добра спяваюць.  У сучасных умовах у сельскай мясцовасці  не так проста  арганізаваць людзей і захоўваць у іх цікавасць  да  аматарскай творчасці.

У  Дружненскім  сельскім Доме  культуры  пацвер-джанне ганаровых званняў ператварылася ў яркае відовішча. Дырэктар установы Людміла Саланец арганізавала ўсё так, што выступленне кожнага калектыву на заднім плане суправаджалася пескаграфіяй. І гэта станоўча ўплывала на ўспрыманне музычных твораў, якія выконвалі аматарскія калектывы.

Сярод калектываў дружненскай зоны ўвагу да сябе прыцягнуў  народны ансамбль інструментальнай музыкі    “Акцэнт”   дзіцячай школы   мастацтваў  гарадскога пасёлка Свіслач пад кіраўніцтвам Наталлі Цыбульскай. Члены камісіі адзначылі яго высокае выканальніцкае мастацтва.  Шмат станоўчых водгукаў прагучала ў адрас калектываў Дружненскай дзіцячай школы мастацтваў: народнага вакальнага ансамбля “Кантабеле” і народнага ансамбля папулярнай музыкі “Партыё”.  Звярнуў на сябе ўвагу і народны  маладзёжны тэатр “Неба”. Калектыў пакуль што працуе без кіраўніка, але і харэографы, і вакалісты стараюцца ўтрымаць высокую планку, якую намецілі для сябе.

— Усе нашы калектывы выглядалі годна,  —  расказала намеснік дырэктара раённага цэнтра культуры Анастасія Шнэк. — І гэта адзначылі члены камісіі. Па выніках абароны калектываў са званнем  “народны” і “ўзорны” ў нашым раёне не паменшылася.  Але шасці з іх былі зроблены  заўвагі, і ім  прыйдзецца яшчэ раз сустрэцца з членамі камісіі, каб прадэманстраваць, як яны іх улічылі.

У спецыялістаў Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці была і агульная для ўсіх заўвага:  як мага часцей выязджаць за межы свайго раёна і ўдзельнічаць у разнастайных конкурсах і фестывалях. Літаральна кожнаму калектыву суадносна з яго асаблівасцямі  называліся мерапрыемствы і рэгіянальнага, і міжнароднага ўзроўню, дзе ён будзе выглядаць арганічна.  Гэта важна для таго, каб рухацца наперад, расці ў творчым плане.

Актыўная фестывальная дзейнасць дае шанец  прыцягнуць  у склад калектываў   маладых   творчых  людзей.  І гэта важна. Прыход таленавітай моладзі дазваляе зрабіць рэпертуар больш сучасным   і   разнастайным, нават калі ў яго аснове  народныя   творы.  Пацверджанне гэтаму ўсе ўдзельнікі мерапрыемства змаглі  ўбачыць падчас выступлення  народнага сямейнага ансамбля “Жывіца” Борскага сельскага Дома культуры, які прадэманстраваў, што калі ёсць жаданне рухацца наперад,   напрамак  для   гэтага  абавязкова вызначыцца.

Наталля ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *