У ААТ “Голацк” адкрылі новую сталовую

Актыўны тэмп работы земляробаў штогод падтрымліваюць  работнікі сталовых. У сезон масавых палявых работ яны таксама працуюць без выхадных і з’яўляюцца важным звяном у камандзе, якая шчыруе дзеля будучага ўраджаю. 

З асаблівым энтузіязмам селёта працуе калектыў сталовай ААТ “Голацк”. У пачатку года тут адбылося доўгачакае наваселле. Шмат гадоў сталовая размяшчалася ў  прыстасаваным памяшканні  каля  малочнатаварнай фермы. Цяпер яна знаходзіцца ў асобным будынку  побач з мехдваром гаспадаркі.

Ва ўсіх памяшканнях зроблены рамонт. Пафарбаваныя ў спакойныя колеры сцены, плітка на падлозе, шклопакеты, сучасная мэбля, новы посуд — усё выглядае прыгожа і ўтульна. Таксама набылі спецыяльнае абсталяванне для сталовай і новыя халадзільнікі. Дарэчы, акрамя залы для прыёма ежы, у сталовай ёсць і банкетная зала з сучасным музычным абсталяваннем.

Повар Таццяна Апарый і загадчыца сталовай Ірына Валенда.

Яшчэ з дзвярэй  па  духмяных пахах я здагадалася, што на абед гатавалі запечанае ў духоўцы курынае мяса.

— Да мяса будзе гарнір — рыс. Таксама на абед  сёння расольнік і кампот, — расказвае  загадчыца сталовай  Ірына  Валенда, якая  прыйшла ў гаспадарку шэсць гадоў таму. — Раней  праца ў сталовай пачыналася толькі вясной. Сёлета абеды гатуем з пачатку года. Зімой падчас рамонту  падсілкавацца прыходзілі многія механізатары.

Надзейны кулінарны памочнік загадчыцы сталовай — повар Таццяна Апарый. Такой камандай жанчыны  працуюць першы сезон. Зараз яны штодзень гатуюць пяцьдзясят пяць абедаў і сорак пяць вячэр. Ежу на палі двойчы на дзень развозіць Уладзімір Дзятко. Працуе ён без раздатчыцы: абеды раскладзены ў спецыяльныя кантэйнеры.

— Новую сталовую, безумоўна, не параўнаць з былым памяшканнем. Тут утульна і прыгожа. Вялікі плюс — яе месцазнаходжанне: з мехмайстэрні можна хутка прыйсці на абед, — адзначае вадзіцель Руслан Сідарэнка. — Кормяць нас смачна, у меню разнастайныя стравы.

Усе, хто харчуецца ў сталовай, плацяць толькі 10 працэнтаў ад кошту абедаў. Астатнія  выдаткі бярэ на сябе сельгасарганізацыя.

— Сёння ў ААТ “Голацк” 182 працаўнікі. Кіраўніцтва гаспадаркі добра разумела неабходнасць будаўніцтва новай уласнай сталовай, і гэта было зроблена перш за ўсё для людзей, — адзначае старшыня прафсаюзнага камітэта гаспадаркі Зоя Кікаць.  — Ад імя ўсяго калектыву хочацца падзякаваць дырэктару Дзмітрыю Ленкаўцу за новы аб’ект у нашай гаспадарцы.

Кацярына    ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *