Какой районка была в 60-х годах

Мікалай Пятровіч Паўлічкаў рэдагаваў пухавіцкую раённую газету два гады. Першы падпісаны ім нумар быў ад 20 жніўня 1961 года, апошні — 14 верасня 1963 года.

1961 год быў знамянальным для ўсяго чалавецтва: адбыўся першы палёт чалавека ў космас. У гэты ж год адбыўся ХХІІ з’езд КПСС, які вылучаўся з шэрагу іншых партыйных форумаў тым, што з самай высокай трыбуны Савецкага Саюза было аб’яўлена, што ў краіне за 20 гадоў пабудуюць камунізм.

А на Пухавіччыне напярэдадні адбылося далучэнне Рудзенскага раёна да Пухавіцкага, мясцовыя органы ўлады на абласным і раённым узроўні былі раздзелены на прамысловыя і сельскагаспадарчыя, аб’яднаны суседнія раёны. Гэтыя пераўтварэнні самым непасрэдным чынам закранулі і пухавіцкую раённую газету.

Расказвае М.П. Паўлічкаў:

— За два гады мне давялося выпускаць пухавіцкую раённую газету з двумя рознымі назвамі: “Сцяг камунізму” і “Сцяг працы”. Змена назвы была выклікана вышэй названымі акалічнасцямі. Каб захаваць пераемнасць літаратурных і журналісцкіх традыцый (на Рудзеншчыне нарадзіліся вядомыя беларускія паэты і пісьменнікі Міхась Чарот, Алесь Бачыла, Захар Бірала, Генадзь Кляўко, Макар Паслядовіч), з назваў пухавіцкай газеты “Сцяг камунізму” і рудзенскай “Бальшавіцкі сцяг” узялі агульнае для іх слова і дабавілі новае. Атрымалася — “Сцяг працы”.

Першы нумар з такой назвай выйшаў 1 мая 1962 года. Гэта была ўжо газета Мінскага абкама КПБ і абласнога Савета дэпутатаў працоўных пры Пухавіцкім тэрытарыяльным вытворчым калгасна-саўгасным упраўленні, у якое ўваходзілі Пухавіцкі і Уздзенскі раёны. З сакавіка 1963 года газета стала органам парткама Пухавіцкага вытворчага калгасна-саўгаснага ўпраўлення і раённага Савета дэпутатаў працоўных.

— Мікалай Пятровіч, а якім чынам рэдактар і журналісты ўлічвалі асаблівасці раёна, выкліканыя двайным аб’яднаннем?

— Мы спачатку імкнуліся больш пісаць аб працоўных калектывах Уздзенскага і былога Рудзенскага раёнаў. Аднак хутка пераканаліся, што колькасцю публікацый з таго ці іншага рэгіёна не вырашым многіх праблем. Сельскагаспадарчая вытворчасць (галоўная тады для газеты і раёна тэма), сацыяльная сфера, культурнае жыццё ў розных населеных пунктах развіваюцца па-рознаму. Таму шукалі і расказвалі аб больш тыповых з’явах, што з “арыфметыкай” не заўсёды супадала.

— Сёння мы маем магчымасць пагартаць пажоўклыя ад часу газетныя старонкі, пад якімі стаіць ваш подпіс. А што захавалася ў вашай памяці на працягу 50 гадоў?

— Я з цікавасцю перачытаў бы артыкулы ў нашай газеце 1961-1963 гадоў аб Героі Сацыялістычнай Працы Т.І. Жыгалка. Таццяна Іосіфаўна працавала ў тыя гады старшынёй калгасаў “Перамога” і “ХVІІ партз’езд”, дабівалася высокіх паказчыкаў у развіцці сельскай гаспадаркі, была старшынёй Рудзенскага выканкама раённага Савета дэпутатаў працоўных. У 1963 годзе паўторна выбіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

Памятаю, што выступаў на старонках газеты, дзяліўся вопытам сваёй работы яшчэ адзін Герой Сацыялістычнай Працы — А.М. Тарасевіч. Аляксандр Міхайлавіч — наш калега, пачынаў працоўную дзейнасць у 1939 годзе друкаром у выдавецтве “Звязда”. Пасля вайны — брыгадзір у калгасе імя Гастэла Мінскага раёна, дзе і заслужыў высокае званне Героя. Апошнія гады жыцця (1960-1963 гады) працаваў старшынёй калгаса імя ЦК КПБ у Пухавіцкім раёне.

Такія людзі выдзяляліся не толькі сваёй працай, высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі, але і актыўнай жыццёвай пазіцыяй, удзелам у грамадскім жыцці раёна і краіны. І журналісты нашай газеты не маглі гэтага не заўважыць.

Мне хочацца перачытаць і карэспандэнцыі аб свінарцы С.К. Наркевіч і брыгадзіры М.Р. Змачынскім. На той час яны не мелі звання Герояў, але таксама вылучаліся сваёй руплівасцю, і газета не аднойчы расказвала аб іх.

Вядома ж, успамінаюцца і тагачасныя кіраўнікі раёна: Л.Р. Абражэвіч, А.Я. Калітка, М.Т. Гарбацянкоў, І.А. Філімончык. У тыя ж гады пачаў працаваць сакратаром райкама камсамола М.І. Хаванскі, які 11 гадоў узначальваў раённую партыйную арганізацыю. Усе яны даволі часта з цікавымі артыкуламі выступалі на старонках нашай газеты.

— Вы пачыналі з тыражу 4 тысячы экзэмпляраў. І “трымалі” яго ўвесь 1961 год. Больш не было жадаючых падпісацца?

— Тады падпіска аб’яўлялася адразу на ўвесь год. А з 1962 года дазволілі дападпісвацца. І тыраж у іншыя месяцы даходзіў да 6350 экзэмпляраў.

— Газету рабілі перш за ўсё штатныя супрацоўнікі?

— Не толькі. Было шмат і селькораў. Менавіта селькорам пачынаў дасылаць свае допісы ў рэдакцыю камсамолец з Блужы Мікалай Аленчык. Потым ён прыйшоў у штат рэдакцыі, працаваў намеснікам рэдактара ў Старых Дарогах, рэдактарам — у Любані.

Намеснікам рэдактара працаваў У. Семянкевіч, які жыў на Уздзеншчыне і адтуль дасылаў у газету змястоўныя карэспандэнцыі. Потым ён узначаліў уздзенскую раённую газету.

Удалыя фотаздымкі рабіў Мікалай Шарай. Яго прыкмецілі рэспубліканскія выданні. А Мікалаю спадабаўся часопіс “Родная прырода”, дзе ён адпрацаваў шмат гадоў, выдаў шэраг каляровых фотаальбомаў.

— Нашым чытачам цікава будзе даведацца, як склаўся ваш далейшы лёс.

— З пасады рэдактара мяне накіравалі ў Дзяржынск сакратаром райкама партыі. Працяглы час узначальваў упраўленне паліграфіі і кніжнага гандлю Мінскага аблвыканкама і зноў займаўся праблемамі раённых газет, у тым ліку і “Сцяга працы”.

Інтэрв’ю вёў

Браніслаў ЯБЛОНСКІ.

Какой районка была в 60-х годах: 1 комментарий

  • 06.05.2011 в 09:53
    Permalink

    Любопытная информация.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

    Ответ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *