На Пухавіччыне ўпершыню адбыўся фестываль-конкурс  “SvitanakArt”

 

Танцавальная група Пухавіцкай СШ.

— Такое мерапрыемства ў раёне прайшло ўпершыню, — расказвае дырэктар цэнтра “Світанак” Алена Карыткіна. — Пра яго арганізацыю мы думалі не адзін год. Была праведзена вялікая падрыхтоўчая работа перш,  чым мы змаглі адкрыць свае дзверы як для пухавіччан, так і для гасцей раёна. Фестываль-конкурс мы з самага пачатку планавалі зрабіць абласным.

Сёння на самой справе існуе нямала розных конкурсаў, якія дазваляюць выявіць і прадэманстраваць таленты.  Аднак яшчэ адзін, упэўнены яго арганізатары, не па-вінен быць лішнім. Наадварот: ён можа стаць адметным і цікавым для дзяцей раёна і вобласці.

— Мы ведаем, што ў садках, школах і цэнтрах творчасці займаюцца сотні таленавітых дзяўчынак і хлопчыкаў, — кажа Алена Анатольеўна. — З імі працуюць дзясяткі прафесійных настаўнікаў. Пазнаёміць іх паміж сабой, даць магчымасць прадэманстраваць свой узровень, пабачыць узровень другіх дзяцей, — гэта тыя задачы, што мы ставілі перад сабой. І, думаю, што ў нас усё атрымалася.

Мацвей Радчанка, Вера Радзько, Кіра Дзярушка, Эвеліна Вернікоўская — выхаванцы педагога па музыцы цэнтра дашкольнага развіцця «Расток» Наталлі Лебедзь.

Пухавіцкі раён, Старыя Дарогі, Слуцк, Мінск — такой была геа-графія першых удзельнікаў фестывалю ў Мар’інай Горцы. А іх сабралася нямала: больш за 250 школьнікаў выходзілі на сцэну “Світанка”.

Конкурсы адбыліся ў чатырох намінацыях: вакальнае, тэатральнае, інструментальнае і харэаграфічнае  мастацтва.  Улічваліся і ўзроставыя групы.

Найбольш прадстаўнічым стаў конкурс танцавальных калектываў. Розныя накірункі — ад народных танцаў да стрытданса — былі прадстаўлены юнымі танцорамі. Безумоўнымі лідарамі і пераможцамі сталі выхаванцы школы “Держи ритм” са Слуцка і філі-яла гэтай  школы са Старых Дарог. Аднак яркія нумары паказалі і пухавіччане:  ансамбль “Инсайт” (“Світанак”, кіраўнік Святлана Журок), “Гранд” (СШ №2, кіраўнік Аліна Лісоўская), “Радуга” (СШ №4, кіраўнік Аксана Брывач), “Штрихи” (СШ №3, кіраўнік Крысціна Янкова) і іншыя. Не спалохаліся канкурэнцыі з дарослымі нават самыя малодшыя дзеткі — выхаванцы Наталлі Лебедзь з цэнтра дашкольнага развіцця “Росток”.

Моцнымі вакалістамі паказалі сябе сталічныя госці, хаця зноў жа нямала лаўрэацкіх дыпломаў заваявалі і пухавіччане. Гэта дзеці, якія займаюцца ў “Світанку” пад кіраўніцтвам Алены Карыткінай, Іны Лойка,  у Рудзенскім цэнтры пазашкольнага выхавання “Вясёлка” пад кіраўніцтвам Ганны Лявіцкай, а таксама школьнікі з Мар’інай Горкі, якія займаюцца з Наталляй Лебедзь. Прыкладам для малодшых сталі вопытныя вакалісткі Паліна Аўсянік і Ліза Няборская з Мар’інагорскай СШ №2. Аднак і самыя маленькія змаглі ўразіць журы: напрыклад, проста скарыў усіх сваім артыстызмам і вакалам Уладзіслаў Сянчук з Рудзенскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Вясёлка”.

З вакалам, як стала зразумела, усё ў нашым раёне добра. Ня-дрэнна, на погляд журы, і з тэатральным майстэрствам. “Світанак” прадставіла Вікторыя Дзільман, якая годам раней стала адной з пераможцаў рэспубліканскага конкурсу талентаў. Юная актрыса і на гэты раз выступіла так, што ў зале не засталося абыякавых.  Спадабалася журы і выступленне тэатральнай студыі «Зазеркалье» (кіраўнік Наталля Хадыка). Здзівіў сваім прафесіяналізмам тэатр моды “Архитектоника”  Рудзенскага Дома культуры (кіраўнік Наталля Шумакова). Фантазіі і крэатыву мала не было. Артысты атрымалі адны вышэйшыя балы.

Дарэчы, раздавалі іх члены кампетэнтнага журы, пытанняў да работы якога наогул не было.

— Ацэньвалі таленты нашых дзяцей сапраўдныя прафесіяналы,  чые імёны вядомы не толькі вузкаму колу людзей ад мастац-тва, але і многім беларусам, — гаворыць Алена Карыткіна, дзякуючы за тое, што дастаткова занятыя людзі не адмовіліся завітаць у Мар’іну Горку, каб  разгледзець тут новыя таленты, адкрыць новыя зорачкі.

Няпроста было працаваць членам журы ў намінацыі інструментальнай музыкі, таму што і там канкурэнцыя прысутнічала відавочная: сёння многія дзеці на даволі высокім узроўні займаюцца на музычных інструментах. Таму на конкурсе і ў гэтай намінацыі прадстаўлены былі розныя стылі і жанры.  Прафесійна і ярка выступілі выхаванцы школы мастацтваў (ансамбль “Лауда”, кіраўнік Святлана Лось), цымбалісты пад кіраўніцтвам Таццяны Тагушовай.  Эстрадную старонку ўзначалілі дзеці са “Світанка” і Рудзенскай школы мастацтваў. Парадаваў выступленнем ансамбль гітарыстаў з СШ №2 (кіраўнік Надзея Шпакоўская), а таксама трыа гітарыстаў з Зазерскай школы мастацтваў (кіраўнік Уладзімір Міраеўскі).

—            Падводзячы вынікі першага конкурсу, мы можам сказаць, што фестываль аказаўся для ўсіх цікавым і карысным,— гаворыць Алена Карыткіна.— Ён стаў са-праўдным святам, пляцоўкай, з якой дзеці з задавальненнем дэманстравалі свае таленты.  Мы пераканаліся, што можам праводзіць такія мерапрыемствы на высокім узроўні. Думаем, што другі такі фестываль, які  ўжо за-планаваны на восень, пройдзе яшчэ лепш, яшчэ больш маштабна.  Нас не спалохае, калі  прыедзе  больш канкурсантаў. Ёсць яшчэ рэсурсы: для розных намінацый знойдуцца пры неабходнасці і розныя канцэртныя пляцоўкі, дзе будзе камфортна кожнаму.

Алена  ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *