На Пухавіччыне ў цэнтры ўвагі — летняе аздараўленне дзяцей
Падыходзіць да канца чарговы навучальны год, і на парадак дня выносяцца пытанні арганізацыі летняй аздараўленчай кампаніі. Яны з’яўляюцца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама.
— Летняя аздараўленчая кампанія 2019 года будзе арганізавана ў адпаведнасці з рашэннем Мінскага абласнога выканаўчага камітэта ад 19 красавiка 2019 года № 299, — расказвае галоўны спецыяліст упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Жанна Даніловіч. — Галоўнымі задачамі традыцыйна будзе стварэнне камфортных і бяспечных умоў адпачынку, захаванне і ўмацаванне здароўя школьнікаў, даступнасць аздараўленчых паслуг, сацыяльная падтрымка найбольш неабароненых катэгорый дзяцей з малазабяспечаных шматдзетных сем’яў, дзяцей-сірот, дзяцей-інвалідаў. Аздараўленне ўлетку пройдзе 2690 школьнікаў раёна.
Дзяржавай забяспечана фінансаванне аздараўленчай кампаніі. 2 чэрвеня ўжо адкрываецца першая змена ў летнім лагеры з кругласутачным знахо-джаннем дзяцей «Лясная казка». Усяго тут будзе арганізавана чатыры змены.
Акрамя стацыянарнага лагера, традыцыйна будуць працаваць школьныя пляцоўкі і тэматычныя дзевяцідзённыя школьныя лагеры з кругласутачным знаходжаннем дзяцей. Так, з 25 чэрвеня адкрыецца лагер «Эрудыт» у Мар’інагорскай гімназіі. З 24 чэрвеня — лагер «Гвардзеец» на базе СШ №3 горада Мар’іна Горка. Лагеры духоўна-маральнага выхавання будуць працаваць у чэрвені на базе НПК дзіцячы сад-сярэдняя школа горада Мар’іна Горка і Азярычынскага НПК дзіцячы сад-базавая школа. А ў ліпені на базе СШ №4 горада Мар’іна Горка адкрыецца лагер, праграма знаходжання ў якім разлічана на супрацоўніцтва з раённым аддзелам унутраных спраў. Такі лагер будзе арганізаваны ўпершыню.
Традыцыйна адпачнуць дзеці ў лагерах на базе Пухавіцкай СШ (сумесна з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях), Ананіцкай і Свіслацкай школ (валанцёрскія атрады). Таксама аматараў здаровага ладу жыцця запросяць у турыстычны палатачны лагер і лагер пры Пухавіцкай СДзЮШАР.
Навінай бягучай аздараўленчай кампаніі стала магчымасць ад-правіць юных пухавіччан на адпачынак у лагеры Бярэзінскага раёна ў першую змену і Барысаўскага раёна — у 4-ю змену.
Па ўсіх пытаннях, якія тычацца правядзення аздараўленчай кампаніі, можна звяртацца ва ўпраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама. Тэл. 3-55-22 (Жанна Уладзіміраўна Даніловіч).
Алена ІВАНОВА.