У мастацкай галерэі раённага краязнаўчага музея праходзіць выстава “Зачараванне правінцыяй”

Пазнаёміцца з новымі  работамі Яўгена Шунейкі і ўбачыць на іх знаёмыя мясціны можна на выставе ў мастацкай галерэі раённага краязнаўчага музея.

Прафесар Беларускай акадэміі мастацтваў Яўген Шунейка прадставіў у Мар’інай Горцы чарговую выставу  пад  назвай  “Зачараванне правінцыяй”.  Мастацкая галерэя  раённага краязнаўчага музея — адна з любімых пляцовак мастака.

— Правінцыя — крыніца культуры і, разам з тым, чароўны свет, дзе ёсць гісторыя, рамантыка, каларыт, — падкрэсліў Яўген Феліксавіч падчас адкрыцця экспазіцыі. — Невыпадкова  гэтую  выставу  я  прысвяціў невялікім гарадам і пасёлкам  роднай  краіны і замежжа.

На адкрыцці выставы прысутнічалі школьнікі, мастак Фёдар Ладуцька і вучаніца  Яўгена  Феліксавіча  Дар’я  Раманенка.  Дырэктар раённага краязнаўчага  музея   Аляксандр Прановіч  уручыў  Яўгену  Шунейку   грамату за значны асабісты ўклад у дзейнасць мастацкай  галерэі   раённага  краязнаўчага   музея.   Мастак таксама падрыхтаваў сюрпрыз для першых наведвальнікаў: інсталяцыю ў выглядзе інтэрактыўный гульні. Яшчэ адна прыемная навіна: напрыканцы   выставы  ўсе карціны папоўняць фонд  краязнаўчага  музея.

…З цікавасцю ўглядаюся ў экспазіцыю. Перш за ўсё звяртаю ўвагу на год напісання — усе работы новыя.  На карцінах  я  пазнала Каложскую  царкву  ў  Гродне,  Аўгустоўскі  канал,   Салігорскія  горы,  сядзібу Бонч-Асмалоўскіх у Блоні. А якія мясціны  пазнаеце вы? Наведайце мастацкую галерэю. Выстава будзе працаваць да  пачатку чэрвеня.

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *