Школьнікаў Пухавіччыны аб’яднала «Беларусіяда»
На гарадскім стадыёне ў Мар’інай Горцы прайшлі фінальныя спаборніцтвы спартыўна-адукацыйнага праекта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта «Беларусіяда». Гульні аб’ядналі 24 каманды — больш за 150 школьнікаў.
У праграму «Беларусіяды» трапілі «Лапта» — актыўная і захапляльная гульня на спрытнасць і кіданне ў цэль, «Дзень-ноч» — спаборніцтва на хуткасць, «Пальчатка» — гульня-стратэгія на вытрымку і хуткасць, «Перацяжкі» — сілавое спаборніцтва з традыцыйнымі правіламі.
— Ужо восьмы год запар падрыхтоўка і правядзенне спаборніцтваў сярод студэнтаў і школьнікаў у межах праекта «Беларусіяда» з’яўляецца адным з практычных заданняў заліку і экзамену студэнтаў, якія навучаюцца на факультэце фізічнага выхавання па спецыяльнасці «Спартыўна-педагагічная дзейнасць (спартыўная рэжысура)», — адзначыў аўтар праекта «Беларусіяда», старшы выкладчык кафедры тэорыі і методыкі фізічнай культуры Анатоль Дрыгін.
Школьнікі з цікавасцю гулялі ў новыя для іх гульні. Пераможцамі ў «Лапце» стала каманда Ананіцкага НПК дзіцячы сад – сярэдняя школа. Першае месца ў гульні «Пальчатка» заняла каманда сярэдняй школы №3 горада Мар’іна Горка. Вучні Мар’інагорскага НПК дзіцячы сад – сярэдняя школа вызначыліся ў гульні «Дзень-ноч». Каманда Шацкай сярэдняй школы перамагла ў гульні «Перацяжкі».
Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.
Фота: прэс-служба БДПУ імя Максіма Танка