У аграгарадку Зазер’е дзіцячае свята атрымалася яркім і вясёлым
Яркім і вясёлым атрымалася дзіцячае свята, якое нядаўна прайшло ў аграгарадку Зазер’е. У мясцовым парку адпачынку хлопчыкаў і дзяўчынак чакала цікавая праграма. Гульні, песні, дыскатэка — арганізатары паклапаціліся пра тое, каб зацікавіць дзяцей рознага ўзросту.
Многія мясцовыя школьнікі былі не толькі гледачамі канцэрта, але і непасрэднымі яго ўдзельнікамі. На сцэну разам з юнымі артыстамі выходзіла загадчыца Зазерскай дзіцячай школы мастацтваў філіяла Дружненскай музычнай школы Алена Самсон. Музычны настрой падхапілі вакальны ансамбль “Жытніца” Зазерскага СДК і Арына Цвірко. Мясцовы жыхар Сяргей Скавыш прачытаў свае вершы і байку.
Далучылася да праграмы конна-спартыўная школа імя Дзяменцьева, якая знаходзіцца ў аграгарадку. Усе жадаючыя маглі пакатацца на конях.
Бліжэй да вечара ў парк прыйшлі дарослыя. Жыхароў і гасцей Зазер’я вітала музычная група “24”, канцэрты якой атрымалі пастаянную прапіску ў Зазерскім СДК. Дыскатэка доўжылася да поўначы.
Арганізаваць свята дапамагло кіраўніцтва ЭБ “Зазер’е” і старшыня Голацкага сельсавета Віктар Малуха. Мясцовыя жыхары шчыра дзякавалі за свята і выказалі пажаданне, каб такія мерапрыемствы праводзіліся часцей.
Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.