Як пазбавіцца ад непатрэбных вам рэчаў
Лета — не толькі час працоўных адпачынкаў, але і час для будаўніцтва, рамонтаў і абнаўлення кватэр, дамоў, у тым ліку дачных. Праблем, як зрабіць гэта, сёння няма, калі ёсць сродкі. Таму абнаўленне ажыццяўляецца паўсюдна. І разам з ім нараджаюцца пытанні, звязаныя з тым, каб дзесьці размясціць ужо непатрэбныя нам рэчы, мэблю, будаўнічыя матэрыялы і многае іншае. І нягледзячы на тое, што для такіх выпадкаў існуе даволі просты алгарытм дзеянняў, мы працягваем сутыкацца з «арыгінальнымі» рашэннямі па ўтылізацыі адходаў у лясах, на абочынах дарог, а таксама бачым на кантэйнерных пляцоўках і мэблю, і цэглу, і спілаваныя дрэвы — тое, чаго там наогул не павінна быць.
— Праблема няправільнай утылізацыі будматэрыялаў, буйнагабарытных адходаў, старога электраабсталявання застаецца актуальнай, хаця камунальным прадпрыемствам шмат зроблена для таго, каб грамадзяне лёгка маглі яе вырашыць, — кажа начальнік участка «Саначыстка» Аляксей Брэскі.— Можна заказаць наш транспарт для вывазу вялікай колькасці адходаў, можна скарыстацца паслугамі прыватнага перавозчыка або сама-стойна даставіць адходы на палігоны, заплаціўшы на месцы толькі за ўтылізацыю. Але грамадзяне, на жаль, вядуць сябе часам вельмі безадказна, выкідваючы непатрэбныя больш рэчы ў літаральным сэнсе сабе і другім пад ногі.
Аляксей Брэскі адзначае, што ў апошні час, нягледзячы на даступнасць паслуг па вывазе адходаў, звалак у раёне не становіцца менш. І нават тэндэнцыі да іх памяншэння не праглядаецца. У чым жа тады справа: у нашай непапраўнай несвядомасці або ў недастаткова добрай арганізацыі працэса вывазу адходаў?
Каб адказаць на гэтае пытанне, я прапанавала Аляксею Брэскаму вырашыць рэальную праблему па вызваленні ўмоўнай хаты ад старой мэблі, непатрэбных рэчаў, адзення і іншых адходаў: гаспадары сёлета вырашылі абнавіць інтэр’ер і навесці парадак у сваім доме. Непатрэбнымі сталі мэбля, халадзільнік, тэлевізар, пара мяшкоў адзення.
— Пачнем з таго, што старое адзенне ў сувязі з высокім утрыманнем у рэчах сінтэтычных матэрыялаў зараз не прымаецца, — кажа Аляксей Брэскі.— А вось старое неразабранае электраабсталяванне ў вас забяруць без праблем, кампенсаваўшы пэўную суму. Для гэтага трэба ўсяго толькі пакінуць заяўку дыспетчару па адзіным нумары 115. Такая ж заяўка павінна быць зроблена, калі вам неабходна вывезці вялікі аб’ём адходаў. Яго ўтылізацыя не ўваходзіць у тарыф, які штомесяц аплачваем ўсе мы па дамове на вываз адходаў. Таму дадаткова давядзецца заплаціць 2 рублі 34 капейкі за 1 куб адходаў.
У нашым выпадку вывазу падлягае 5 кубоў. Значыць, неабходна будзе за-плаціць камунальнаму прадпрыемству прама на палігоне прыкладна 12 рублёў. Гэтай сумай гаспадары абмяжуюцца, калі вывезуць адходы самастойна. Аднак не ўсе маюць такую магчымасць.
— Пасля таго, як вы пакінеце заяўку дыспетчару, з вамі звяжацца майстар, з якім вы зможаце абмеркаваць нюансы. Калі вашы дадатковыя адходы могуць быць вывезены звычайным транспартам, што ажыццяўляе збор адходаў у вашым населеным пункце, то вы павінны будзеце таксама толькі аплаціць утылізацыю (12 рублёў). Калі ж спатрэбіцца іншы транспарт, то вам прапануюць і іншы варыянт вырашэння праблемы. Машына, якая ажыццяўляе збор адходаў, напрыклад, не забярэ цэглу, блокі, бо яны могуць пашкодзіць прэс.
Дзейнічаем па алгарытме і даведваемся пра заказ транспарту на камунальным прадпрыемстве. Аказалася, што кошт будзе залежаць ад адлегласці і віду транспарту, таму сярэднюю цану назваць складана. Для нашых гаспадароў мы дамаўляемся аб арэн-дзе трактара, які сам сябе можа загружаць. Гадзіна працы тэхнікі каштуе каля 30 рублёў. Ад хаты да палігона недалёка. Значыць, гаспадары ўкладуцца ў суму. І вываз адходаў ім будзе каштаваць прыкладна 42 рублі.
— Мы б, вядома, знайшлі прымяненне дадзенай суме, — упэўнены гаспадары.— Але гатовы за-плаціць, таму што не можам дазволіць сабе вывезці гэтыя адходы ў несанкцыянаванае месца. Зрэшты, паспрабуем разгледзець варыянт з прыватным перавозчыкам.
Аб’явы ў газеце знайсці было нескладана. Перавозчык гатовы аказаць дадзеную паслугу. Кошт аднолькавы. Але лягчэй атрымалася скарэкціраваць час вывазу.
Вось так, не патраціўшы на перагаворы і паўгадзіны, мы вырашылі праблему вывазу непатрэбных рэчаў з асобна ўзятага дома. Канечне, пытанне вырашылася не бясплатна. Але сумленне ў людзей будзе чыстым.
А як з ім у тых, хто прыклаў руку да карцін, якія мы бачым на фотаздымках?
— Самае крыўднае, што грамадзяне знайшлі магчымасць давезці будматэрыялы, якія засталіся ад разборкі старых пабудоў, мэблю, матрасы, галлё на кантэйнерныя пляцоўкі, — кажа Аляксей Брэскі.— І цяпер ўпэўнены, што зрабілі ўсё правільна, раз разгрузіліся не ў лесе, напрыклад. Але ж ніхто не палічыў, што прадпрыемства панясе дадатковыя выдаткі. А недаатрыманыя сродкі маглі б быць выкарыстаны для яго развіцця.
Вось толькі ці многія з нас думаюць пра гэта? Атрымліваецца, што далёка не ўсе, хаця практыка вывазу адходаў на палігон існуе не першы год. Пухавіччане робяць гэта і самастойна, і з дапамогай. Але ж несвядомасць, на жаль, таксама мае месца быць.
Алена ІВАНОВА.