У Мар’інагорскай дзіцячай школе мастацтваў прайшоў развітальны баль

Выпускніцы харавога аддзялення Яўгенія Уласенкова і Аляксандра Пракапец.

Які ён, развітальны школьны баль,  даведаліся і выпускнікі дзіцячых школ мастацтваў. Прыгожыя сукенкі дзяўчат, нейкая асаблівая постаць ў юнакоў, хваляванне настаўнікаў і бацькоў, кветкі, слёзы і адначасова радасныя ўсмешкі — усё гэта прысутнічала на ўрачыстасці, прысвечанай чарговаму выпуску ў Мар’інагорскай дзіцячай школе мастацтваў, якую ў гэтым годзе скончылі  56 вучняў.

Як расказала дырэктар установы адукацыі Алена Гурская, выпуск атрымаўся вельмі цікавы. У ім шмат выдатнікаў, лаўрэатаў і пераможцаў разнастайных конкурсаў. Сярод асабліва тытулаваных выпускнікоў яна адзначыла Аляксандра Антановіча (фартэпіяна) і Любоў Цэхановіч (цымбалы).

На працягу вечара выпускнікі адзін за адным падымаліся на сцэну, каб атрымаць свой першы ў жыцці дакумент аб адукацыі. Цёплыя пажаданні яны пачулі ад кіраўнікоў аддзяленняў, настаўнікаў, бацькоў. Асабліва актыўныя вучні атрымалі граматы, а бацькі — падзякі ад установы адукацыі.

Пасля заканчэння ўрачыстасці выпускнікі падзяліліся сваімі планамі. Некаторыя з іх плануюць  застацца ў творчых калектывах школы.  Ёсць і тыя, хто выбраў мастацтва ў якасці сваёй прафесіі і будзе спрабаваць паступіць у профільныя навучальныя ўстановы. Ім школа па-сапраўднаму дала пуцёўку ў жыццё.

Наталля  ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *