Пухавіцкія скалалазы падарожнічаюць па Беларусі

Для школьнікаў лета — час канікул і адпачынку. Для выхаванцаў  секцыі па спартыўным скалалазанні — гэта час  вандровак.  Два падарожжы  па новых маршрутах юныя турысты ўжо здзейснілі.

У пачатку  лета  спартсмены накіраваліся ў Жлобінскі  раён   Гомельскай вобласці. Скалалазаў уразіла экскурсійная праграма. Яны наведалі мемарыял “Помнік дзецям-ахвярам вайны” ў вёсцы Чырвоны Бераг.

— Кожнае наша падарожжа мае сваю тэматыку. Напярэдадні 75-годдзя вызвалення  Беларусі ад   нямецка-фашысцкіх захопнікаў мы невыпадкова наведалі менавіта гэтае месца, — расказала  трэнер  па скалалазанні цэнтра турызму дзяцей і моладзі раёна  Вольга Рак.

За тры дні пухавіччане  пераадолелі 34 кіламетры. Першая селёта вандроўка невыпадкова была адносна лёгкай: яе мэтай было праверыць навічкоў.

— З шаснаццаці дзяцей пяцёра ўпершыню сталі  турыстамі,  — працягвае Вольга Сяргееўна. — У іх усё атрымалася. Прыемна здзівіў пяцігадовы Марк Мотуз. У сваё першае падарожжа ён накіраваўся разам з бацькам, але на працягу ўсяго часу  стараўся быць самастойным.

Нашы скалалазы любяць сплаўляцца на байдарках, таму трэнер прапанавала сваім выхаванцам водны паход 2-й ступені складанасці па рацэ  Іслач у Мінскай вобласці. Рака даволі складаная для сплаву, але ж тым і цікавей. Дэбютанты воднага падарожжа — Максім Гаман, Кацярына Ганчарэвіч і Лізавета Захарава — садзіліся з больш вопытнымі сябрамі.

Іслач працякае праз Налібокскую пушчу. Колькі цікавых  прадстаўнікоў  жывёльнага свету ўбачылі нашы   спартсмены   за  пяцьдзясят кіламетраў, складана  пералічыць. У Валожынскім раёне, праз які пралягаў маршрут, юныя турысты  наведалі  магілу беларускага   пісьменніка    і   драматурга   Вінцэнта   Дуніна-Марцінкевіча.

Скалалазы працягнуць падарожнічаць па Беларусі. Яшчэ летам дзяцей чакае  доўгачаканая паездка ў Расію  на  Варгольскія  скалы.

Кацярына  ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *