Стала добрай традыцыяй віншаваць перадавікоў сельскай гаспадаркі
Ужо стала добрай традыцыяй віншаваць на працоўным месцы лепшых працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Нядаўна з такой прыемнай місіяй прыехалі ў сельгасарганізацыі старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Анастасія Арахоўская і галоўны спецыяліст аддзела вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Святлана Карзанава.
Механізатар ААТ «Зазерка» Андрэй Нарэйка, якога павіншавалі першым, шмат гадоў працуе ў сельскай гаспадарцы. Цяпер на пагрузчыку «Амкадор-352». У той дзень ён займаўся на полі пагрузкай сена. А падчас уборкі траў Андрэй Аляксандравіч трамбуе зялёную масу ў сянажных траншэях. У гэтым сезоне на яго рахунку ўжо 10 тысяч 43 тоны.
І ў СУП «Дукора-Агра» таксама дабіваюцца добрых вынікаў.
Нягледзячы на тое, што сучасная тэхніка абсталявана кандыцыянерамі, у кабіне трактара ўсё роўна вельмі горача.
— Я выстаўляю самую халодную тэмпературу, але працаваць даводзіцца ў няпростых умовах, — расказвае механізатар сельгаспрадпрыемства Аляксандр Давыдзенка.
Аднак, нягледзячы на гэта, ён у ліку лідараў. На трактары МТЗ-3022 з прэс-падборшчыкам «Тарнада» запрасаваў у стрэтч-плёнку больш за 260 тон сенажу.
— Вынік маёй працы шмат у чым залежыць ад скошанай масы, — кажа Аляксандр Віктаравіч. — Калі травы добрыя, то і 150 рулонаў сенажу ў дзень атрымліваецца запрасаваць, а сена — 120-130 рулонаў.
Анастасія Валер’еўна ўручыла падзячныя лісты і арыгінальныя букеты механізатарам і пажадала ім моцнага здароўя і дасягнення яшчэ большых вынікаў у працы.
Анастасія ГЛЕБАВА.