Расцвіла ў парку папараць-кветка

Ля купальскага вогнішча сабраліся ў мінулую суботу жыхары Мар’інай Горкі. Разгарэлася яно ў парку імя Любы Гайдучонак. Святочную праграму для тых, хто зберагае ў душы веру ў цуды, падрыхтаваў раённы цэнтр культуры.

Купалле —  любімае летняе народнае  свята. І хоць усе мы ведаем, што ніколі не з’яўляюцца на папараці нават звычайныя кветкі, не кажучы пра чарадзейныя, і лёс дзяўчыны не залежыць ад таго, падхопіць рачная плынь яе вянок ці не, у цуды хочацца верыць.  І часам яны адбываюцца. Адзін з іх у суботні вечар здзейсніўся дакладна: сцішыўся халодны вецер, што дзьмуў увесь дзень, і ўсталявалася вельмі камфортнае надвор’е. Мабыць,  і гэты факт адначасова з жаданнем акунуцца ў атмасферу цудоўнага народнага  свята паспрыяў таму, што ў парку сабралася даволі шмат людзей.

 

 

 

Арганізатары пастараліся, каб было цікава і дарослым, і дзецям. На святочнай пляцоўцы было створана некалькі зон. У адным месцы можна было сплесці купальскі вянок: супрацоўнікі раённага цэнтра культуры падрыхтавалі столькі папараці, зёлак і палявых кветак, што ўсе жадаючыя змаглі змайстраваць сабе адзін з  галоўных атрыбутаў купальскага вечара. А для тых, хто плесці вянкі з кветак яшчэ не навучыўся, спецыялісты правялі майстар-клас.

Таксама абсталявалі зону, дзе можна было зрабіць купальскую  ахвярную ляльку, пра якую  вельмі цікава расказала Антаніна Гурыновіч. Па яе словах, купальскую ахвярную ляльку людзі  плялі з сухой травы ці чароту, змацоўвалі яе чырвонай стужкай, на якой вязалі вузлы, каб звязаць разам усе свае беды і спаліць іх у купальскім вогнішчы. Маладыя дзяўчыны праводзілі такі абрад і каб пазбавіцца ад саперніцы. Мабыць, прынялі на веру   ўдзельнікі свята тое,  пра што расказвала Антаніна Іванаўна, бо ў многіх можна было пабачыць купальскія  ахвярныя лялькі.

Расцвіла ў гэты вечар у парку і папараць-кветка. Размясцілася яна  ў адной з фотазон, таму была даступнай для ўсіх.   І жадаючых сфатаграфавацца каля сімвала купальскага свята было нямала.

Кропкай прыцягнення ў парку стала і сцэнічная пляцоўка, дзе праходзіў канцэрт артыстаў-аматараў. Адкрыў яго народны сямейны ансамбль “Жывіца”  Борскага сельскага Дома культуры. Удзельнікі гэтага знакамітага ў раёне калектыву падрыхтавалі вялікую музычную праграму, а пасля яе заканчэння  для гледачоў правялі майстар-клас па народных танцах.  Жадаючых навучыцца танчыць “Ойру” і  “Паскакуху”  аказалася нямала.

На працягу вечара на сцэну выходзілі і іншыя артысты, якіх вельмі цёпла сустракалі гледачы.

У дадатак да іншых забаў арганізатары прапанавалі і сапраўдны купальскі квэст. Яго ўдзельнікам прыйшлося прайсці іспыты ў пяці зонах, каб атрымаць прызы.

Па традыцыі завяршыў свята вялікі карагод каля купальскага вогнішча.  Закруцілася кола, каб ніколі не  скончыўся кругаварот  жыцця. Паляцелі ў агонь ахвярныя лялькі, каб сышлі ў небыццё ўсе беды. І, мабыць, многім захацелася, каб па-сапраўднаму расцвіла дзе-небуць папараць-кветка, каб не знікала вера ў цуды.

У парку быў арганізаваны гандаль.  Для дзяцей працавалі атракцыёны. А каб свята нічога не сапсавала, неслі сваю службу супрацоўнікі раённых аддзелаў унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях, медыцынскія работнікі.

Наталля  ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *