Пухавіцкаму раёну — 95!

У 1924 годзе грамадзянам БССР прыйшлося прывыкаць да новых назваў адміністрацыйных адзінак. Губерні, паветы, воласці сталі здабыткам гісторыі. На змену ім прыйшлі акругі, раёны, сельсаветы: 17 ліпеня 1924 года ў адпаведнасці з законам, прынятым Цэнтральным выканаўчым камітэтам БССР, было ўведзена новае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне рэспублікі.  Гэтую дату можна лічыць і днём нараджэння Пухавіцкага раёна, які быў утвораны ў складзе Мінскай акругі. Першыя дзесяцігоддзі яго гісторыі  — самыя  далёкія  ад нас. Пра  іх многае мы ведаем “у агульных рысах”, і  з нагоды 95-годдзя ўтварэння раёна ёсць сэнс успомніць некаторыя лічбы і факты.

З  ліпеня 1924 года да  чэрвеня 1925 года раённым цэнтрам было мястэчка Пухавічы. У той час яно было адным з буйнейшых населеных пунктаў на Пухавіччыне: налічвала больш за тры тысячы жыхароў і больш за чатыры сотні двароў. Аднак хутка пасля ўтварэння раёна ў Пухавічах адбыўся пажар, у выніку якога амаль усё мястэчка выгарэла. У чэрвені  1925 года прайшоў 1-ы раённы з’езд  Саветаў, які   прыняў рашэнне  перанесці  раённы цэнтр у Мар’іну Горку.

У жніўні 1924 года Пухавіцкі раён быў падзелены на 12 сельсаветаў. Назвы некаторых з іх могуць здзівіць сучаснікаў. Напрыклад, не адразу   здагадаешся,  які  населены   пункт быў  цэнтрам   Кнорынскага  сельсавета.  Аказваецца,  Омельна.  Былі  створаны таксама   Балоцкі  сельсавет  з  цэнтрам  ў  вёсцы   Балоча, Блонскі, Блужскі, Дрычынскі,  Навасёлкаўскі,  Пудзецкаслабадскі, Сінчанскі, Слабадскі, Суцінскі,  Талькаўскі,  Турынскі сельсаветы.

Першапачатковая  тэрыторыя раёна была значна меншай, чым зараз.  Некаторыя землі   Пухавіччыны ў розны час уваходзілі   у  склад  Смалявіцкага, Шацкага, Грэсскага, Рудзенскага раёнаў. Райцэнтрамі былі Рудзенск (з лютага 1935 да студзеня 1960 года) і Шацк  (з 1924 да 1927 года).

Змянялася не толькі тэрыторыя раёна, але і яго падпарадкаванне больш буйным адміністрацыйным адзінкам. Пухавіччына была ў складзе Мінскай акругі, а потым апынулася ў прамым падначаленні БССР. Што азначае апошняе, таксама не кожны  з ходу зможа патлумачыць. Аказваецца, быў пэўны адрэзак часу, калі тэрыторыя рэспублікі падзялялася толькі на раёны і сельсаветы:  акругі ліквідавалі ў 1930 годзе, а вобласці стварылі   толькі  ў  1938 годзе.   Пры  такім   раскладзе раённыя структуры напрамую падпарадкоўваліся рэспубліканскім. У 1938 годзе была створана Мінская вобласць,  у склад якой увайшлі Пухавіцкі  і  Рудзенскі  раёны.

Захаваліся цікавыя  звесткі пра колькасць рабочых і служачых, якія працавалі на прадпрыемствах і ва ўстановах раёна за 1929 год. Больш за ўсё ў гэты час было настаўнікаў — 132 чалавекі. За імі ішлі работнікі лясніцтваў —  105 чалавек. У спажывецкай кааперацыі працавала 94 чалавекі. Медыцынскія паслугі аказвалі 68 медработнікаў. У агранамічнай службе  раёна   працавала  5 чалавек. Было 3 страхавых агента. На ахове закону стаяла 12  супрацоўнікаў  раённай  міліцыі,  2  следчых, 5 прадстаўнікоў народнага суда.

Працэс калектывізацыі на Пухавіччыне пачаўся яшчэ ў 1921 годзе, калі  ў  маёнтку “Шчамысліца” была створана    камуна  “Звязда”. Актывізавалася гэта работа ў канцы 20-х  — пачатку 30-х гадоў. Так, на пачатак 1933 года ў раёне было 152 калгасы, 5 саўгасаў, дзейнічала 2 камуны. Трэба ўдакладніць, што калгасы тады былі не такія буйныя, як сучасныя сельгаспрадпрыемствы: калектыўную гаспадарку маглі ўтварыць жыхары адной вёскі з некалькіх  дзясяткаў дамоў.

У 1932 годзе  пасяўная  плошча ў раёне складала 72 тысячы 423 гектары. Для работы на палях у калгасах мелася 57 сенакасілак, 109 конаграбляў, 135   жняярак-самаскідак,  12 снопавязалак, 18 бульбакапалак, 86 сеялак радковых, 5 трактароў. Да канца 30-х гадоў было створана 5 машына-трактарных станцый, якія мелі, як сказалі б сёння, добрую лінейку сельскагаспадарчай тэхнікі. Напрыклад,  у  Сінчанскай  і  Пухавіцкай   МТС  налічвалася  86 трактароў, 16 камбайнаў, 18 малацілак, 25 сеялак.

Па тытульным спісе 1931 года ў раёне дзейнічала 87 прадпрыемстваў з агульнай колькасцю  1105 рабочых. У 1932 годзе прамысловых прадпрыемстваў было ўжо 168. Колькасць рабочых на першае паўгоддзе складала 1380 чалавек. Адным з буйнейшых прадпрыемстваў была тарфяная арцель у вёсцы Пярэжыр, дзе працавала 279 чалавек. Самай  мадэрнізаванай у той час была  кардонная фабрыка ў мястэчку Пухавічы, на якой ў 30-я гады мінулага стагоддзя ўсталявалі дзве вадзяныя турбіны агульнай магутнасцю на 150 конскіх сіл, паравую сушылку, гідраўлічны прэс.

На пачатак 1933 года 95,5 працэнта  насельніцтва  раёна было пісьменным. На Пухавіччыне ў той час  працавала  2 тэхнікума, 2 школы фабрычна-завадскога  вучнёўства, 28 школ калгаснай моладзі, 118 чатырохгодак, 1 рабфак.

Да 1941 года ў раёне працавала ўжо  128 школ, з іх  28 — няпоўных сярэдніх і  сярэдніх.

У 1933 годзе на тэрыторыі Пухавіцкага раёна пражывала амаль 101 тысяча чалавек. На жаль, пасля  Вялікай Айчыннай вайны гэтай лічбы раён больш не дасягаў.

Пухавіцкі раён сёння — адзін з буйнейшых у Мінскай вобласці. Ён займае 2,4 тысячы квадратных кіламетраў, што складае 6 працэнтаў ад плошчы Мінскай вобласці. На тэрыторыі раёна размешчана 309 населеных пунктаў, у тым ліку горад Мар’іна Горка, гарадскія пасёлкі Рудзенск, Свіслач, Праўдзінскі. Тэрыторыя раёна ўключае ў сябе 13 сельскіх Саветаў і  Праўдзінскі пасялковы Савет.

У Пухавіцкім раёне знаходзіцца геаграфічны цэнтр Беларусі.

На 1 студзеня 2019 года ў раёне пражывала 64889 чалавек (гарадское насельніцтва — 30020 чалавек, сельскае — 34869 чалавек).

Аснову гаспадарчага комплексу раёна  складае прамысловасць:  працуе 17 асноўных прамысловых прадпрыемстваў. Удзельная вага ў агульным аб’ёме прамысловай прадукцыі раёна:  ЗАТ «Аўгуст-Бел» — 41,4 працэнты, СТАА «Марозпрадукт» — 13,3 працэнты, ААТ «Завод горнага воску» — 12,7 працэнты. Прамысловасці належыць вядучае месца ў экспарце прадукцыі —  98 працэнтаў.

Аграрны комплекс раёна прадстаўлены 17 сельскагаспадарчымі арганізацыямі. Яны спецыялізуюцца на вытворчасці малака і мяса, вырошчванні збожжавых культур, бульбы, рапсу.

На тэрыторыі раёна на 1 ліпеня бягучага года працуе 51 установа адукацыі, 52 установы культуры. Медыцынскую дапамогу насельніцтву раёна аказвае ўстанова аховы здароўя «Мар’інагорская цэнтральная раённая бальніца», у склад якой уваходзяць 43 лячэбна-прафілактычныя ўстановы.

У кожнай эпохі свае героі. І гэта людзі, якія на першы план ставяць справу, якія сваімі  дасягненнямі  праславілі  нашу  краіну.

Мы ганарымся ўраджэнцамі нашага раёна, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны атрымалі вышэйшую ўзнагароду — Зорку Героя Савецкага Саюза. Гэта летчыкі-знішчальнікі Пётр Гучок і Міхаіл Зялёнкін, тэлеграфіст  Пётр  Касцючык,  стралок  Аляксей Крайко, камандзір гарматы Андрэй Луцэвіч, падпольшчыца Алена Мазанік.

У пасляваенны час прыкладам адносін да сваёй справы былі 13  ўраджэнцаў  Пухавіччыны, удастоеных звання Героя Сацыялістычнай Працы. З іх на тэрыторыі  раёна  працавалі  Ванда  БуцэвічТаццяна  ЖыгалкаМіхаіл Змачынскі, Софя  Наркевіч,   Серафіма Тарашкевіч, Алена Юркевіч, Марыя  Юркевіч. Усе яны  —  працаўнікі сельскай гаспадаркі.

Ганаровымі грамадзянамі раёна стала сем нашых землякоў.

Ігар Лучанок —   народны артыст Беларусі і СССР, хаця і нарадзіўся не на Пухавіччыне, усё жыццё лічыў Мар’іну Горку сваёй малой радзімай. Тут жылі яго бацькі, тут яго любілі і чакалі. Славуты кампазітар прысвяціў роднаму гораду не адну песню.

Яўген Мікульчык сваё  жыццё   прысвяціў ваеннай  службе. У адстаўку ён выйшаў у званні  генерал-лейтэнанта.  Доўгі час быў старшынёй  Рэспубліканскага   грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз афіцэраў».

Арнольд    Смеяновіч  —  нейра-хірург, доктар медыцынскіх навук, прафесар, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук   Рэспублікі   Беларусь. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, заслужаны   дзеяч  навукі  Рэспублікі  Беларусь.

Аляксандр Карлюкевіч —  міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь, літаратуразнаўца, журналіст. За сваю літаратурную працу  ўдастоены прэміі Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне». Гісторыю раёна многія з пухавіччан ведаюць  дзякуючы   менавіта   яго  кнігам.

Валерый Бабук  — старшыня грамадскага аб’яднання «Беларуская федэрацыя армрэстлінга», заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь, майстар спорту міжнароднага класа, суддзя міжнароднай катэгорыі, чэмпіён    Еўропы  і  свету сярод  ветэранаў  па армрэстлінгу і гіравым спорце.

Сяргей  Семяняка  ў 1998  годзе  ўвайшоў у склад зборнай Рэспублікі Беларусь па міні-футболе сярод інвалідаў па зроку. Спартыўную кар’еру завяршыў у  2012  годзе. За гэты час стаў пяцікратным  чэмпіёнам свету. На чэмпіянатах свету ён быў двойчы прызнаны лепшым нападаючым.

Анатоль Усенка  —  галоўны трэнер зборнай каманды Рэспублікі Беларусь па міні-футболе сярод  інвалідаў па зроку, заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь. Менавіта пад яго кіраўніцтвам каманда пяць разоў  заваёўвала тытул чэмпіёна свету і шмат іншых важкіх спартыўных узнагарод.  Зараз шмат увагі ўдзяляе развіццю дзіцячага футбола.

На Пухавіччыне нарадзілася нямала пісьменнікаў і  паэтаў.  Сярод  іх  Алесь  Бачыла, Захар Бірала, Таіса Бондар, Анатоль Вольны, Васіль Гарбацэвіч, Браніслаў Зубкоўскі, Генадзь Кляўко, Макар Паслядовіч, Уладзімір Хадыка, Міхась Чарот і іншыя.

Вёска Арэшкавічы — малая радзіма  цымбаліста,  дырыжора, кампазітара, педагога,   народнага   артыста  БССР  Іосіфа Жыновіча.  Яго  імя  носіць  славуты  калектыў  —  Нацыянальны  народны аркестр Беларусі, мастацкім кіраўніком якога Жыновіч быў доўгі час.

У  Мар’інай Горцы шмат часу праводзіць скульптар Аляксандр Фінскі, дацэнт кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.  Яго работы можна пабачыць у  многіх  гарадах  Беларусі.

У  склад   Чарнаморскага    Флоту       Расійскай Федэрацыі ўваходзіць карабель “Іван Хурс”. Ён носіць імя віцэ-адмірала, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР  Івана  Кузьміча  Хурса —  ураджэнца вёскі Клятное.

Пухавіччына — радзіма  акадэмікаў  Акадэміі  навук БССР Станіслава Астапчыка,  Івана   Лупіновіча,   Івана    Юркевіча, члена-карэспандэнта Акадэміі навук БССР Івана Качуры, члена-карэспандэнта Акадэміі аграрных навук БССР Пятра Ніканчыка.

Матэрыял  падрыхтавала  Наталля   ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *