Адбыўся абласны велапрабег

У выхадныя дні прадстаўнікі раённага выканаўчага камітэта і кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый нашага раёна ў складзе веласіпеднай каманды прадставілі Пухавіччыну на абласным велапрабегу, які  прайшоў у Мядзельскім раёне і быў прысвечаны Году малой радзімы і 75-й гадавіне вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Старт велатуру  быў дадзены ў дзіцячым аздараўленчым цэнтры «Зубраня». Добрага шляху і станоўчых эмоцый пажадала аматарам веласпорту і прыхільнікам здаровага ладу жыцця старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая, якая і сама была ўдзельніцай велатура.

У заездзе прынялі ўдзел больш за 30 каманд агульным складам каля 600 чалавек.

У складзе нашай каманды былі намеснік старшыні райвыканкама Наталля Чарнышова, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Прановіч, работнікі райвыканкама Сяргей Мяжонны, Наталля Бародзька, Ірына Касцючэнка, Дзяніс Рыжакоў, начальнік дэпартамента аховы Сяргей Казак, дырэктар МПМК-14 Аляксандр Каховіч, старшыня Праўдзінскага сельвыканкама Уладзімір Губарэвіч, трэнер ФАЦ «Вікторыя» Павел Сянько, а таксама Уладзімір Мацулевіч, арганізатар і ўдзельнік дзясяткаў велапрабегаў ў раёне і за яго межамі. Ён, дарэчы, увесь маршрут прайшоў на рарытэтным веласіпедзе.

— Члены нашай каманды былі добра гатовы да велапрабегу:  індывідуальна трэніраваліся, прымалі ўдзел у раённых веластартах. Таму маршрут не здаўся нам цяжкім, — кажа Дзяніс Рыжакоў, галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.— Мы атрымалі масу станоўчых эмоцый і ад самога прабегу, і ад зносін з цікавымі людзьмі.

Стройнай калонай веласіпедысты-аматары праехалі 31 кіламетр. Падчас шляху, які заняў усяго дзве гадзіны (добрая падрыхтоўка — годныя хуткасці!), удзельнікі велапрабегу зрабіліі два прыпынкі:  у пасёлку Нарач і ў вёсцы Мінчакі каля помніка воінам, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Тут адбылася цырымонія ўскладання кветак да мемарыяла.

Фінішыравалі ўдзельнікі велапрабегу ў Мядзелі.

Алена  ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *