У СГФ “Дрычын” жніво пачалі з азімай пшаніцы
Зменлівае надвор’е сёлета ўносіць істотныя карэктывы ў ход жніва. Камбайнеры імкнуцца выкарыстоўваць кожную пагодлівую гадзіну.
У сельскагаспадарчым філіяле “Дрычын” уборку пачалі з азімай пшаніцы, якая займае плошчу 600 гектараў. З першых участкаў атрымалі па 37 цэнтнераў зерня з гектара, што значна вышэй за леташнія паказчыкі. Усяго ж тут неабходна ўбраць 1870 гектараў зерневых і зернебабовых культур.
— На жніве ў нас працуе 5 камбайнаў, — расказвае галоўны аграном сельгасфіліяла «Дрычын» Галіна Сіпач. — На іх працуюць Дзмітрый Рымашэўскі з сынам Уладзіславам, Сяргей Дацкевіч з памочнікам Анатолем Моўчанам, Анатоль Сянько з Аляксеем Равуцкім, Андрэй Мянькоў з Уладзімірам Глазавым і Сяргей Голуб. У дзень яны ўбіраюць 90 гектараў зерневых культур. Ёсць у гаспадарцы і свае лідары. Больш за ўсіх — 724 тоны збожжа разам з рапсам — намалацілі Дзмітрый і Уладзіслаў Рымашэўскія. А перавёз больш за ўсіх — 1022 тоны збожжа — вадзіцель Дзмітрый Мялешка. Аператар КЗС Віталь Строкач прасушыў разам з рапсам тысячу тон збожжа, а Мікалай Каралькевіч — 720 тон збожжа.
Следам за камбайнамі ўбіраюць салому з поля. Яе прасуюць прэспадборшчыкамі Сяргей Прачкоўскі, Пётр Алеська і Мікалай Гулякевіч.
У сельгасфіліяле «Дрычын» усё зерне дапрацоўваюць на зернесушыльным комплексе КЗС-30Ш. За суткі праз сушылку прапускаюць да 200 тон зерня.
Сёлета ў гаспадарцы пасеялі азімай і яравой пшаніцы на 161 гектар больш. І ўпершыню — яравы трыцікале. Усяго ж на палях даспявае акрамя азімай пшаніцы, 300 гектараў яравой пшаніцы, 200 гектараў азімага трыцікале, 50 — яравога трыцікале, а таксама яравы ячмень, авёс і зернебабовыя.
Анастасія ПЛЯТНЁВА.