У мастацкай галерэі раённага краязнаўчага музея працуе выстава Леаніда Гурбо

Мастацкая галерэя раённага краязнаўчага музея запрашае на выставу Леаніда Гурбо.

Экспазіцыя прымеркавана да 80-годдзя мастака. Нягледзячы на ўзрост, Леанід Міхайлавіч працягвае актыўна працаваць. Большасць карцін, якія аўтар прадставіў у Мар’інай Горцы, — новыя. Яны ўражваюць дэталямі і арганізаванай унутранай  прасторай. На гэта  накладвае адбітак спецыяльнасць мастака —  архітэктар.

— Мне вельмі падабаецца працаваць над дэталямі. На карцінах вы з лёгкасцю пазнаеце  знаёмыя сюжэты з Бібліі  і са старажытнагрэчаскай міфалогіі. У такіх работах я надаю вялікае значэнне не толькі галоўным героям, але і элементам архітэктуры, — расказвае Леанід Гурбо. — Раней я вельмі шмат вандраваў.  Асабліва мяне ўразілі падарожжы па Італіі, Бельгіі, Нідэрландам. Успаміны пра людзей і архітэктуру гэтых краін натхняюць мяне на творчасць і зараз.

Леанід Гурбо неаднаразова чуў ад аматараў сваёй творчасці, што яго карціны валодаюць пэўнай магіяй. Упэўніліся ў гэтым і першыя наведвальнікі выставы — члены раённага савета ветэранаў і скульптар Аляксандр Фінскі. Яны з цікавасцю разглядалі работы мастака і скарысталі магчымасць задаць Леаніду Міхайлавічу свае пытанні.

Выстава мастака будзе працаваць да пачатку жніўня.

Кацярына  ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *