Актыўна ідзе ўборачная кампанія ў ААТ “Голацк”
Як заўсёды, актыўна пачалася ўборачная кампанія ў ААТ “Голацк”. Да жніва тут падрыхтаваліся своечасова. Механізатары чакалі гэтую напружаную, але па-свойму радасную пару. Штогод на голацкіх палетках віншуюць першых тысячнікаў. Да гэтай мяжы набліжаецца экіпаж Аляксандра Расолькі і Яўгена Кубры. На раніцу пятніцы яны намалацілі 973 тоны збожжа (з улікам рапсу). На рахунку Алега Маркава і Руслана Сідарэнкі — 756 тон, Мікалая і Ігара Тарасевічаў — 742 тоны.
У сераду раніцай усе восем экіпажаў стаялі на мехдвары, бо не маглі выехаць у поле. Дагэтуль тры дні з-за дажджлівага надвор’я зерне не ўбіралі, што, безумоўна, адбілася і на выніках, і на настроі хлебаробаў.
— Колас паспеў. Цяпер самы час убіраць хлеб, але кожны непагодлівы дзень б’е па ўраджаі, — гаворыць дырэктар сельгаспрадпрыемства Дзмітрый Ленкавец. — Механізатары хочуць працаваць. У іх ёсць стымул, але працу стрымлівае надвор’е. Гэта вільготнасць ідзе на карысць травам і кукурузе, але самая важная зараз задача для нас — уборка зерня.
Калі “нябесная канцылярыя” паспрыяе працаўнікам хлебнай нівы, яны разлічваюць завяршыць уборачную за два тыдні. Палівам гаспадарка забяспечана. Нядаўна цалкам разлічыліся за таварны крэдыт і атрымалі новы. Стараюцца зарабляць і самі: прадалі рапс.
— На ўборачнай задзейнічана шмат людзей і тэхнікі. Услед за камбайнамі вядзецца ўборка саломы, пасля — ворыва, — працягвае Дзмітрый Дзмітрыевіч. — Для гэтага арэндавалі тэхніку, якой у нас не хапае. На дапамогу прыйшлі людзі з іншых прадпрыемстваў.
ААТ “Голацк” штогод лідзіруе ў раёне па намалоце збожжа. У мінулым годзе валавы збор зерня склаў больш за 8 тысяч тон. Сёлета плануюць прыбавіць не менш за 20 працэнтаў да гэтага выніку. Разлічваюць і на высокую ўраджайнасць — звыш 40 цэнтнераў з гектара. Дзяржзаказ — 1100 тон пшаніцы — ужо выканалі амаль на 50 працэнтаў. Збожжа новага ўраджаю адвозяць на ААТ “Мінскі камбінат хлебапрадуктаў”.
План уборкі зерневых і зернебабовых культур у гаспадарцы складае 2370 гектараў. Найбольшую плошчу займае азімае трыцікале — 890 гектараў і пшаніца — 813 гектараў. На 535 гектарах паспеў ячмень.
— Убіраць такі ўраджай прыемна, — гаворыць пра трыцікале камбайнер Алег Маркаў, якога праз некалькі гадзін сустрэлі на палетках.— Гляджу ў бункер і думаю: колькі людзей я накарміў хлебам. Пры добрай ураджайнасці бункер напаўняецца за 10-15 хвілін. Мой памочнік Руслан Сідарэнка хоць і працуе першы сезон, але паспявае аператыўна рабіць рэйсы з поля да зернесховішча.
Сам жа Алег Васільевіч другі сезон кіруе камбайнам, раней у асноўным займаўся нарыхтоўкай кармоў. У свой дэбютны год на жніве стаў трэцім у раёне. Сёлета разлічвае наблізіцца да намалоту ў 2,5 тысячы тон.
У гаспадарцы арганізавана харчаванне для хлебаробаў і вадзіцеляў, на мехмайстэрні працуе душавая. Асаблівая ўвага надаецца пытанням аховы працы.
Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.