Пабачыў свет фотаальбом “Гродна. Падарожжа ў часе”


У Выдавецкім доме “Звязда” да Дня беларускага пісьменства, які сёлета праходзіць на  Гродзеншчыне, у Слоніме, пабачыла свет чарговая   кніга  серыі  “У  пошуках   страчанага”. Гэтым разам яна праз старыя паштоўкі з калекцыі лаўрэата Прэміі  Прэзідэнта  Рэспублікі   Беларусь “За духоўнае адраджэнне” Уладзіміра Ліхадзедава раскажа пра Гродна.

З прадмовай да найцікавейшага выдання, якое дазволіць здзейсніць не толькі віртуальнае падарожжа па цікавых гістарычных  адрасах,  але  яшчэ  і  дапаможа  скласці  план сапраўднай,   жывой   экскурсіі,  выступае  старшыня   Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Краўцоў. Вось што ён, у прыватнасці, зазначае: “Малюнак альбо фотаздымак, зробленыя ў далёкім мінулым, набываюць яшчэ большую каштоўнасць, калі мы хочам узнавіць архітэктурны помнік ці вярнуць яму першапачатковае аблічча. Якім быў горад у пазамінулым стагоддзі, мы можам уявіць дзякуючы работам Напалеона Орды. Ён адлюстраваў усю прыгажосць гродзенскіх замкаў, храмаў, палацаў, прыгарадных каралеўскіх сядзіб. Невыпадкова ўдзячныя гродзенцы назвалі ў гонар гэтага мастака адну з вуліц свайго горада.

Пры распрацоўцы праекта рэканструкцыі Старога замка ў Гродне аўтары шмат у чым арыентаваліся на гравюру Тамаша Макоўскага. Вядомы   друкар,  мастак,  картограф, аўтар карты  Вялікага  княства  Літоўскага ў 1600 годзе стварыў гравюру з выявай горада Гродна, на якой досыць дэталёва прамаляваў каралеўскі замак у часы, блізкія да ўладарання Стэфана Баторыя…”.

Філакартычны альбом “Гродна. Падарожжа ў часе” складаецца з некалькіх раздзелаў. Асобна вылучаны 1905-1915 гады. Другі раздзел — пра 1915-1918 гады. Трэці — пра 1920-1930-я гады. Чацвёрты раскажа пра Гродна перыяду Вялікай Айчыннай вайны. І апошні раздзел запрашае нас на сустрэчу з горадам у 1946-1970-я гады.

Адкрываючы агульны від на гродзенскія замкі і раку Нёман на пачатку XX стагоддзя, далей мы знаёмімся з дэталямі   гарадскіх  краявідаў. Рака  Нёман,  Станіславаўская алея, чыгуначны мост цераз Нёман, драўляны мост цераз Нёман, палац губернатара (як па сённяшнім часе, дык вельмі сціпла ён выглядае), стары замак, капліца, ваенны збор у Старым замку, Замкавая вуліца, ваенны лагер — так і хочацца скокнуць праз стагоддзе ці нават болей і колькі часу аддаць на вандроўку ў той атмасферы, сярод гараджан менавіта таго часу. Здымкі пазбаўлены статычнасці, нават у тым выпадку, калі на выяве няма  людзей, фатаграфіі падаюцца дынамічнымі, надзвычай  рухомымі.

Канешне ж, гартаючы філакартычны альбом, у першую чаргу шукаеш аб’екты знаёмыя — напрыклад, Аўгустоўскі канал, праваслаўныя і каталіцкія храмы, абавязкова — Каложскую царкву. Да эмацыянальнага прагляду дадаюцца ўспаміны ўласных сустрэч з Гродна. Часам у знаёмстве з кнігай уяўляюцца і некаторыя адкрыцці кшталту: “А я ж не ведаў пра гэты від, не ўяўляў аб’ект менавіта з такога ракурсу, які падае старая паштоўка!..”. І тады ўжо выбудоўваеш сабе заданне на наступную сустрэчу з Гродна, на наступную вандроўку па старадаўніх   мясцінах  горада на Нёмане.

Філакартычны альбом “Гродна. Падарожжа ў часе” — яшчэ і адметная фатаграфічная энцыклапедыя, якая расказвае пра старажытны горад у судакрананні з рознымі культурамі, з жыццём людзей розных нацыянальнасцяў на зямлі Беларусі. І ў звязку з гэтым падумалася вось пра што. Мала выдаваць такія кнігі, такія альбомы. Так, яны не маўчаць у кнігарнях, але яны павінны стаць яшчэ болей гаваркімі, калі будуць прэзентавацца з перасоўнай выстаўкай, напрыклад, у розных вялікіх і малых паселішчах Беларусі, калі пра іх будуць ведаць у Польшчы, Літве, Латвіі, Украіне, Расіі, калі  пра  іх  будуць  ведаць  па-суседску.  Упэўнены,  што  філакартычныя   альбомы   серыі   “У пошуках страчанага” — гэта неабходны складнік у справе дэманстрацыі турыстычнага патэнцыялу Беларусі.

Алесь   Карлюкевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *